Экс-намесніка галоўлекара Мінскай абласной дзіцячай лякарні асудзілі на 6 гадоў
Суд Мінскага раёна вынес прысуд былому намесніку галоўнага лекара па тэхніцы Мінскай абласной дзіцячай клінікі. Мужчына асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, інфармуе БЕЛТА.
Яго прызналі вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабару, у тым ліку ў буйным памеры. У асуджанага канфіскуюць маёмасць і пазбавяць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на 5 гадоў.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.
Раней паведамлялася, што намеснік галоўнага лекара сістэматычна карыстаўся службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах. Ад траўня 2015 года па снежань 2017-га ён неаднаразова браў хабар ад прадстаўнікоў будаўнічых арганізацый. За гэта ён прыцягваў названыя арганізацыі падрадчыкамі па рамонце на аб'ектах медустановы. Грошы мужчына атрымліваў ад будаўнікоў і за заключэнне дамоваў, станоўчую прыёмку выкананых работаў і своечасовую аплату. Для суда следства сабрала доказы па 24 фактах хабару. Агульная сума склала больш за 46 тысяч рублёў.