Экс-супрацоўнік: з IT-кампаній Cedon BLR і Deltatre звальняюць "палітычных"
З IT-кампаній Cedon BLR і Deltatre звальняюць людзей, асуджаных па "палітычных" справах, піша dev.by. Пра гэта журналістам dev.by расказаў былы iOS-распрацоўшчык гэтых кампаній.
Мужчына каля двух гадоў працаваў у Cedon BLR. Для аднаго з праектаў з заказчыкам у Італіі была створаная асобная юрыдычная асоба — Deltatre. З лета 2020 года ён фармальна быў працаўладкаваны там.
Падчас марша 25 кастрычніка праграміста жорстка затрымалі, выбіўшы сем зубоў.
"Два тыдні я правёў у шпіталі, пасля чаго вярнуўся да працы. Суд асудзіў мяне па адміністрацыйцы і прызначыў штраф — улічвалася маё знаходжанне ў больніцы і неабходнасць рэабілітацыі. Першы час пасля суда я быў у Мінску і нікуды не збіраўся з'язджаць. Але мяне пачалі выклікаць у Следчы камітэт і пракуратуру. Была пагроза крымінальнай справы, і мае нервы не вытрымалі. Я паехаў у Польшчу", — распавядае мужчына.
Яшчэ калі ён ляжаў у шпіталі, жонка звярнулася ў яго кампанію з просьбай даць станоўчую характарыстыку для суда. "Кампанія з вялікай неахвотай выдала мне гэтую характарыстыку. Юрыст кампаніі матываваў гэта так: "Калі б ён забіў кагосьці, я выдаў бы характарыстыку, а ў палітычную справу мы ўмешвацца не хочам". У рэшце рэшт нейкую характарыстыку мне ўсё ж такі напісалі", — расказвае праграміст.
На пачатку лютага 2021-га ён пераехаў у Польшчу, папярэдне паведаміўшы пра гэта начальству. Мужчына падкрэслівае, што больш за паўгода да таго ўся каманда працавала дыстанцыйна. "Начальства доўга ўзгадняла мне фармат аддаленай працы за межамі Беларусі. У выніку мне сказалі, што не гатовыя працаваць са мной у такім фармаце больш за тры месяцы", — дзеліцца ён падрабязнасцямі.
Праграміст адкрыў у Польшчы ІП і прапанаваў кампаніі працаваць з ім як з "кантракцёрам" за мяжой, але кампанія адмовілася. У траўні з ім скасавалі кантракт.
Мужчына кажа, што з "палітычных" не адзін ён быў звольнены. "Дакладна ведаю, што акрамя мяне з Deltatre звольнілі яшчэ аднаго чалавека, які быў раней затрыманы на дваровым маршы, — магчыма, такіх звальненняў было больш. Калегу звольнілі, не прапанаваўшы ніякіх варыянтаў — нават рэлакейту, хоць у Deltatre ёсць офісы ў Еўропе (па інфармацыі на сайце кампаніі, у Deltatre ёсць офісы ў многіх краінах: Італія, Англія, ЗША, Чэхія, Сінгапур, Германія ды інш. — dev.by). Лічу, непрыгожа зрабілі з ім: проста выставілі за дзверы — у мяне хоць бы запасны варыянт у Польшчы быў", — расказвае праграміст.
У Польшчы ён ужо ўладкаваўся на працу ў іншую ІТ-кампанію. Падчас свайго побыту за мяжой мужчына даведаўся, што ў яго мінскай кватэры адбыўся ператрус.
Прадстаўнікі Cedon BLR і Deltatre не далі каментароў dev.by па гэтай сітуацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.