Эксперт: Нельга ладзіць супрацьпаветраную абарону на памежніках з біноклямi
Вайсковы аналітык Аляксандр Алесін каментуе сюжэт БТ пра трэніроўкі беларускіх вайскоўцаў па збіванні цэляў, што ляцяць нізка над зямлёй.
У праграме “Арсенал” 5 жніўня была паказаная трэніроўка на баявой верталётнай базе. Там прагучала прапанова збіваць лёгкаматорныя самалёты з кулямётаў, усталяваных на вайсковых верталётах.
Еўрарадыё: Сярод іншага, кажуць, што шведскі самалёт не быў спынены нашай супрацьпаветранай абаронай, бо яна непрыстасаваная да таго, каб страляць па цывільных самалётах. Ці праўда гэта?
Аляксандр Алесін: Давайце падзелім пытанне на два: ці магчыма выявіць такі самалёт, і ці магчыма яго знішчыць. Пачнём з другога.
Яшчэ з часоў Савецкага саюза для таго каб знішчаць такія цэлі – маленькія лёгкаматроныя самалёты, якія ідуць на невялікай вышыні і добра манеўруюць – ствараліся дзяжурныя нарады баявых верталётаў МІ-24. Яны павінны былі ў выпадку выяўлення такой цэлі выйсці на яе, зраўняць хуткасці і прымусіць да пасадкі. Калі цэль адмаўлялася, у іх было дастаткова ўзбраення, і пушкі і ракеты, для таго, каб гэтую цэль знішчыць. Такі парадак захаваны і ў Ваенна-паветраных сілах і ў Войсках супрацьпаветранай абароны Беларусі. Гэтай практыцы некалькі дзясяткаў гадоў і верталёты СПА Беларусі дзяжураць. У выпадку, калі паступіць каманда і ўказанне цэлі, яны здольныя гэтую цэль знайсці і або пасадзіць яе, або знішчыць. Справа ў тым, што проста гэтая цэль не была выяўленая. І гэта ўжо другое пытанне.
Еўрарадыё: Але Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што цэль была заўважаная, проста кагосьці шкадавалі, і ён не мог зразумець, каго менавіта шкадавалі.
Аляксандр Алесін: Я дазволю сабе выказаць сумнеў. Выяўленне чалавекам з зямлі самалёта, які нізка ляціць – справа выпадку. Гэта, зразумела, можа адбыцца, але тады, калі памежнікі будуць расстаўленыя на кожныя дзесяць метраў уздоўж мяжы, вось тады яны ўбачаць такі самалёт. Калі яны бачылі і не далажылі, то гэта ваеннае злачынства. Але, насамрэч, нельга будаваць супрацьпаветраную абарону на памежніках з біноклямі.
Таму ўся праблема і палягае на тым, што такую цэль, якая нізка ляціць, тым больш ва ўмовах пагоркаў ды лясоў, вельмі складана выявіць. Гэта непасільная задача для СПА любой краіны. Амерыканцы, напрыклад, выяўляюць калумбійскія наркасамалёты адсоткаў на 30-40. Для гэтага яны ўводзяць магутную сістэму выяўлення, падымаюць радыёлакатары на дырыжаблі.
Насамрэч, беларускія вайсковыя навукоўцы прапаноўвалі распрацоўку акустыка-тэхнічных датчыкаў, калі па гуку ад сілавой устаноўкі самалёта, па парушэнні паветранага асяроддзя, можна вызначыць наяўнасць цэлі. Калі ёсць сістэма такіх датчыкаў, паднятых на дастатковую вышыню і выстраеных ланцугом або размешчаных у небяспечных месцах, то вызначыць накірунак самалёта можна. А для ўдакладнення можна зрабіць верталёт радыёлакацыйнага дазору, дзе радар быў бы ўсталяваны на верталёце. На жаль, гэтая методыка, прапанаваная беларускімі ветэранамі СПА, згубілася дзесьці ў бюракратычных калідорах. Калі б гэтую праблему пачалі вырашаць своечасова, не жылі старымі ўяўленнямі пра вайну, а улічвалі, якой яна можа быць у будучыні, можа, цяпер у нас і не было б поваду для размовы.
Еўрарадыё: Але калі такія трэніроўкі праходзяць ужо даўно, і гэта нармальная практыка, чаму, на вашу думку, менавіта цяпер з’явіўся сюжэт на БТ?
Аляксандр Алесін: Я думаю, што гэты сюжэт прызваны ўнесці спакой у шэрагі беларускіх грамадзян, сказаць што мяжа наша на замку. Лётчыкі, якія выконваюць такія задачы, абавязаныя ўмець страляць у паветры, знішчаць паветраныя цэлі такога кшталту. Калі іх паставілі на баявое дзяжурства па перахопе паветранай цэлі, а яны не стралялі – гэта не галавацяпства, а ваеннае злачынства. Таму я думаю, што лётчыкі, вядома ж, трэніруюцца, і гэты момант быў падкрэслены толькі для таго, каб паказаць, што прымаюцца меры, што у нас ёсць усё неабходнае, каб не дапусціць паўтарэння гэтага эпізоду.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, чаго цяпер чакаць? Беларусь будзе прасіць у Расіі сродкаў на мадэрнізацыю СПА? У нас жа агульная супрацьпаветраная абарона.
Аляксандр Алесін: Па-першае, новыя методыкі абапіраюцца на нашу навуковую і прамысловую базу, і могуць быць распрацаваныя на прадпрыемствах нашай краіны. Зразумела, для гэтага спатрэбяцца сродкі, але, я думаю, іх можна знайсці і ў нашай краіне. Вы разумееце, лішні раз звяртацца па дапамогу да Расіі – тым, хто залез у пазыкі, лёгка маніпуляваць. Таму я думаю, што гэта не ў інтарэсах нашай дзяржавы.
Апроч таго, мы яшчэ не абнавілі свой авіяцыйны парк. У перспектыве чакаюцца пастаўкі ракетнага комплексу Іскандэр. І без таго расходаў будзе шмат. Таму я думаю, што, хутчэй за ўсё, сродкі будуць мабілізаваныя на першачарговыя мэты, каб не дапусціць такіх нечаканасцяў. Рэзервы могуць быць знойдзеныя ўнутры краіны. Але, вядома, на карэнную перабудову сістэмы супрацьпаветранай абароны, замену радыёлакацыйных станцый спатрэбіцца шмат часу і грошай. Але на працягу бліжэйшых пяці гадоў мы маглі б абысціся і сваімі сродкамі.