Эксперт: Расходы Расіі на Крым складуць менш за 1% нашых ваенных расходаў

Такіх сцэнараў сёння эксперты прапануюць як мінімум пяць. Еўрарадыё абмяркоўвае тры найбольш верагодныя з іх — што ў іх добрага, а што дрэннага.

Паводле першага варыянту, Крым цалкам аддзяляецца ад Украіны і адыходзіць пад кантроль Расіі. Такі варыянт небяспечны не толькі для Украіны, але і для іншых краін-суседзяў Расіі, і для ЕС, упэўнены ўкраінскі палітолаг Ігар Шальвякоў.

Ігар Шальвякоў: “Калі ён (Пуцін — заўв. Еўрарадыё) убачыць, што такі спосаб задавальнення сваіх інтарэсаў дзейнічае, то, хутчэй за ўсё, яго прымяненне будзе пашыранае. Як на тэрыторыі Украіны, так, магчыма, і на тэрыторыі іншых дзяржаў”.

Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, калі рэалізуецца сцэнар далучэння, то ўзровень жыцця людзей у Крыме, як і ў Паўночнай Асеціі, Абхазіі ці Прыднястроўі, будзе цалкам абумоўлены расійскімі субсідыямі. А гэта — поўная залежнасць. Дый палітычная сітуацыя ў аўтаноміі толькі пагоршыцца.

Ігар Шальвякоў: “Калі гэты сцэнар будзе далей прасоўвацца, то ён прывядзе да сур’ёзнага павелічэння ўнутранай напругі ў Крыме. Бо абавязкова будуць цэлыя слаі насельніцтва, якія не прымаюць гэты сцэнар. І ім альбо давядзецца жыць ва ўмовах акупацыі, альбо — супраціўляцца”.

Яго расійскі калега Станіслаў Бялкоўскі катэгарычна адмаўляе саму магчымасць аддзялення Крыма ад Украіны. А вось дырэктар расійскага Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтра Андрэй Фёдараў лічыць такі варыянт найбольш верагодным і выгадным для Крыма. Праўда, далучэнне Крыма да РФ  пройдзе не за адзін дзень, а паступова. На яго думку, на рэферэндуме будзе прынятае рашэнне аб змене статусу Крыма. І ўжо пасля рэферэндуму ўлады Крыма будуць весці перамовы з Расіяй наконт гэтага статусу.

Андрэй Фёдараў: “Гэта могуць быць асаблівыя адносіны, дзе Крым будзе разглядацца прыкладна як іншыя краіны-сябры Мытнага саюза. З усімі льготамі і астатнімі рэчамі. І на больш познім этапе — уваходжанне ў склад Расіі”.

А ўтрымліваць Крым, упэўнены эксперт, для Расіі не праблема: выдаткі складуць менш за 1% расійскага ваеннага бюджэту. І робіць выснову: “Крым — гэта капейкі ў параўнанні з тым, што мы губляем на Украіне”.

Другі сцэнар — усе зацікаўленыя бакі пагаджаюцца на пашырэнне аўтаноміі Крымскай Рэспублікі. Яго адразу адкідвае Андрэй Фёдараў: маўляў, няма каму дамаўляцца. У Крыме не прызнаюць паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады Украіны, у Кіеве не прызнаюць вынікі крымскага рэферэндуму. Адваротнае меркаванне мае Станіслаў Бялкоўскі.

Станіслаў Бялкоўскі: “Уласна кажучы, ідэя Крыма і будавалася на тым, што ён з’яўляецца фактычна незалежным, але фармальна знаходзіцца ў складзе Украіны. Як Чачня — фактычна незалежная, але фармальна знаходзіцца ў складзе Расіі. Гэта як кампраміс нармальна”.

Казаць пра пашырэнне аўтаноміі можна толькі ў мірных умовах, калі прысутнасць расійскіх вайскоўцаў будзе зведзеная да мінімуму, упэўнены Ігар Шальвякоў. І калі пры ўладзе не будуць “прызначаныя Масквой кіраўнікі”. Ёсць яшчэ адно:

Ігар Шальвякоў: “Пашырэнне правоў прадугледжвае пашырэнне абавязкаў. А Крым —абсалютна датацыйны рэгіён”.

І тут адкрытым застаецца пытанне: хто будзе датаваць? Адказу эксперты не маюць.

Трэці сцэнар — вяртанне сітуацыі да пачатку канфлікту. Станіслаў Бялкоўскі такі варыянт не разглядае. Андрэй Фёдараў кажа проста: “Статус-кво ўжо не будзе ніколі”. І шчыра прызнаецца.

Андрэй Фёдараў: “Каб вярнуцца ў статус-кво, неабходна змяніць усю ўладу ў Кіеве. А гэта ўжо немагчыма. І яму (Пуціну — заўв. Еўрарадыё) адступаць зараз нельга. Бо калі ён зараз адступіцца, то страціць аблічча ўнутры краіны назаўжды”.

Украінскі палітолаг упэўнены: у інтарэсах Крыма вярнуцца да “даканфліктнай” сітуацыі.

Ігар Шальвякоў: “…а праз некаторы час можна было б нават пагадзіцца на пастаноўку пытання аб пашырэнні аўтаноміі”.

Але найперш, упэўнены эксперт, неабходна даць магчымасць новай уладзе праявіць сябе як у агульнанацыянальным маштабе, так і ў адносінах да Крыма. Але гэта, кажа Ігар Шальвякоў, малаверагодна. Яго сумневы пацвярджае Андрэй Фёдараў, які прызнаецца: расійскія ўлады чакаюць “прарасійскіх” рэферэндумаў ва ўсходніх абласцях Украіны. І нават не сумняваюцца, што яны пройдуць. Як не сумняваюцца і ў іх выніку…

Фота: podrobnosti.ua, www.aif.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі