Электраэнергію з БелАЭС змогуць пастаўляць у Расію
Беларуская АЭС / Еўрарадыё
Электраэнергію з БелАЭС ужо з наступнага года можна будзе пастаўляць у Расію, мяркуе старшыня Камітэта па энергетыцы Дзярждумы РФ Павел Завальны. Расійскія дэпутаты сёння сустракаліся з міністрам энергетыкі Беларусі Віктарам Каранкевічам. Абмяркоўвалі саюзныя праграмы ў сферы энергетыкі.
"У рамках інтэграцыі рынкаў прымаецца пастанова, ужо з пачатку наступнага года будзе магчымасць пастаўкі электраэнэргіі, якую будзе выпрацоўваць БелАЭС, на расійскі рынак", — сказаў расійскі дэпутат. А ў перспектыве, паводле яго слоў, чакаецца з'яўленне паўнавартаснага аб'яднанага рынку электраэнергіі ў рамках стварэння Саюзнай дзяржавы. Гэта павінна адбыцца з 2025 года.
Беларускі міністр Каранкевіч са свайго боку адзначыў, што цяпер саюзныя праграмы ў сферы энергетыкі выкананыя больш чым на палову. Увод у прамысловую эксплуатацыю другога блока БелАЭс чакаецца да канца гэтага года.
Адзначым, што першы энергаблок увесь гэты час перыядычна адключалі ад сеткі і ўключалі зноў. Была інфармацыя і пра паломкі. Летась блок быў адключаны ад сеткі каля паўгода.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.