Эпідэміёлагі абвяргаюць брытанскі артыкул пра непрыдатнасць нашай вады для піцця

Эпідэміёлагі абвяргаюць брытанскі артыкул пра непрыдатнасць нашай вады для піцця

Газета The Daily Mail склала для турыстаў карту, дзе пазначыла краіны, у якіх можна піць ваду з-пад крана. У Беларусі — нельга. Базуецца яна на інфармацыі, атрыманай ад Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў Злучаных Штатаў Амерыкі. Па іх меркаванні, у Беларусі лепш набываць ваду ў бутэльках, бо ў кранах яна небяспечная.

“Цікава па якіх крытэрыях яны гэта ацэньвалі, — здзіўляецца супрацоўніца Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Гродна. — У нас ёсць санітарна-эпідэміялагічнае заканадаўства, ёсць адпаведныя санітарныя нормы якасці пітной вады, якая падаецца насельніцтву. Па ўсіх паказчыках наша вада праходзіць. І вось тут мне хацелася б даведацца, на базе чаго брытанцы зрабілі такую выснову”.

Пры гэтым, як даведалася Еўрарадыё, градацыі якасці вады па краіне не існуе, бо тэрыторыя краіны знаходзіцца ў адным поясе, гідрагеалагічны складнік практычна паўсюль аднолькавы, таму нашы падземныя воды маюць прыблізна падобны склад. Адзіная праблема — павялічаная канцэнтрацыя жалеза. Натуральна, што з-за гэтага вада можа быць нясмачнай і пакідаць сляды. Але для здароўя гэта бяспечна.

“Калі вада паступае да спажыўца па цэнтральным водазабеспячэнні, то яна ж праходзіць шэраг этапаў ачысткі, — працягвае спецыялістка. — У тым ліку і абезжалезванне. Ну, і калі па мікрабіялагічных паказчыках нестандартная, то яе абеззаражваюць. Але нестандартныя мікрабіялагічныя паказчыкі ў нас рэдкасць. За паўгода ў мяне былі толькі два такія выпадкі з некалькіх тысяч узятых аналізаў”.

Пры гэтым, гарантаваць высокую якасць вады можа толькі для тых спажыўцоў, якія карыстаюцца цэнтралізаваным водазабеспячэннем. На вёсках, дзе ваду бяруць са студняў, сітуацыя горшая.

“У студнях у нас прысутнічаюць нітраты. Гэта перавышэнне гігіенічнага нарматыву, і яна сапраўды непрыдатная для піцця. У тэхнічных мэтах ужываць яе можна. Тыя, хто хвалюецца, можа набываць бутэляаваную ваду. Але ў нас жа людзі ўсё роўна п’юць з нітратамі і нібыта нічога не адбываецца…”

На думку брытанскіх журналістаў, найбольш бяспечная вады з-пад крана — у краінах Заходняй Еўропы. Апроч Беларусі, піць водаправодную ваду не раяць у Эстоніі, Літве, Малдове, Украіне, Расіі, Турцыі, Грузіі, Арменіі, Азербайджане, Казахстане, Балгарыі, Чарнагорыі, на Кіпры і ў шэрагу іншых краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі