Прычына авіякатастрофы ў Вільні, імаверна, няшчасны выпадак — генкамісар паліцыі
На месцы авіякатастрофы
Пры падзенні грузавога самалёта ў Вільні загінуў адзін з чальцоў экіпажа, паведаміў дырэктар службы супрацьпажарнай абароны і выратавання Рэнатас Пажэла. Абломкі самалёта часткова закранулі дом, але людзей з яго ўдалося паспяхова эвакуяваць.
"Выяўленыя ўсе чатыры чальцы экіпажа. На жаль, адзін загінуў. Службы працягваюць працаваць", — перадае LRT словы Пажэлы.
Генеральны камісар паліцыі Арунас Паўлаўскас мяркуе, што прычынай аварыі стаў няшчасны выпадак ці чалавечы фактар: "Хутчэй за ўсё, гэта ці тэхнічная аварыя, ці чалавечая памылка (...). Самалёт зніжаўся і не даляцеў да ўзлётна-пасадачнай паласы. Такія фактычныя абставіны". Адказваючы на пытанне пра тэракт, Паўлаўскас дадаў, што такую версію "ніколі нельга выключаць".
Паводле яго, агляд месца здарэння, збор доказаў і прадметаў можа заняць да тыдня. "Хуткіх адказаў не будзе", — заяўляе Паўлаўскас.
Кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс таксама не спяшаецца выстаўляць абвінавачанні ў тэракце. "На дадзены момант, наколькі вядома, напэўна, заўчасна звязваць гэта з чымсьці ці кагосьці вінаваціць", — кажа ён. Разам з тым, Кіраўнік ДДБ прызнаецца, што версію тэрарызму выключыць нельга.
Грузавы самалёт, аранджаваны фірмай DHL, зранку 25 лістапада ўпаў у Вільні, зачапіўшы двухпавярховы жылы дом. У наваколлі дома пачаўся пажар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.