Эпідэміёлагі: Несці кляшча на праверку не варта, лепш прапіць антыбіётыкі

Ксенія Тырсікава пасля фотасесіі на мінскім моры знаходзіць на сабаках 15 кляшчоў і некалькіх на сабе.

“Мы фатаграфаваліся ў баку Зарэчча. З сабак трэба было здымаць кляшчоў кожныя 5 хвілін, але мы ў высокай траве фатаграфаваліся. Гэта страшна. Адну дзяўчыну, якая з намі была, паспеў укусіць клешч, але яна ў час да доктара звярнулася”, — апісвае Ксенія. З сябе і сабакаў яна паспела зняць крывасмокаў у час, укусіць не паспелі.

Кляшчоў знаходзяць у Батанічным садзе, у мінскіх парках, на сталічнай вуліцы Скарыны. Эпідэміёлагі кажуць, што колькасць пакусаных крывасмокамі вырасла.

Што ж рабіць, калі вас укусіў клешч?

Пасля укусу — да тэрапеўта ў паліклініку, каб прапіць антыбіётыкі.

Калі вы знайшлі на сабе кляшча, неабавязкова везці яго адразу ў лабараторыю на праверку. Можна пайсці да тэрапеўта, які прапіша антыбіётыкі для прафілактыкі. Гэта ўратуе ад барэліёзу і бактэрый, якія можа пераносіць клешч.

“Калі ўкус кляшча быў, то трэба прызначыць антыбіётыкапрафілактыку. Даследаваць кляшча — немэтазгодна, вы губляеце час, — апісваюць у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. — Клешч можа ўтрымліваць шмат бактэрыяльных узбуджальнікаў, антыбіётык ад гэтага ратуе. А на даследаванне кляшча чалавек губляе час. Тым больш яго даследуюць звычайна толькі на барэліёз”.

Калі да тэрапеўта вы ўсё ж не пайшлі і знялі кляшча самастойна, то па сімптомах можна здагадацца, што ён быў заразны. Інкубацыйны перыяд — 3 тыдні і больш. Вакол месца ўкусу будзе пачырваненне.

“З’явяцца таксама прыкметы інфекцыйнага захворвання. Гэта павышэнне тэмпературы, недамаганне. Каб разабрацца, што гэта, варта ехаць да тэрапеўта, калі стан не цяжкі. Калі стан экстранны — выклікайце хуткую”, — кажуць у Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Прышчэпка ад клешчавага энцэфаліту — каля 200 тысяч

У Беларусі асноўныя праблемы ад кляшча стварае барэліёз — небяспечнае інфекцыйнае захворванне. Калі не лячыць, яно можа прывесці да інваліднасці ці нават смерці. Энцэфаліт у Беларусі, па словах эпідэміёлагаў, амаль не сустракаецца. Але існуе ў Расіі. Каб не злавіць кляшча з энцэфалітам там, можна зрабіць прышчэпку ў Беларусі.

Займаецца гэтым цэнтр вакцынапрафілактыкі ў дзіцячай інфекцыйнай лякарні. Прывіваюць усіх, хто захоча, але за грошы. Першая прышчэпка каштуе 200 тысяч.

“Першая доза каштуе 200 тысяч, пасля трэба яшчэ адна прышчэпка праз 2-3 тыдні, і потым праз год і кожныя тры гады”.

Чаму кляшчоў стала болей

Лясы перасталі апрацоўваць хімікатамі ад грызуноў, як у савецкія часы. Гэта прыводзіць да павелічэння грызуноў і, як вынік, кляшчоў. Такую выснову робіць загадчыца лабараторыі аховы раслін Батанічнага саду Людміла Галоўчанка. У Батанічным садзе гэтых крывасмокаў труцяць.

Мы рэгулярна праводзім апрацоўку зон, дзе гэтыя кляшчы могуць быць. Праводзім таксама скошванне травы і раскідваем радэнтыцыды — такія прэпараты для барацьбы з грызунамі”.

З пачатку 2015 года ў Мінску па дапамогу да медыкаў пасля ўкусаў кляшчоў звярнулася каля 430 чалавек.

Фота: joinfo.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі