ЕС ухваліў 10-ы пакет санкцый супраць Расіі. Абмежаванні чакаюць і Беларусь
Польшча настойвае на санкцыях супраць Беларусі / "РІА Навіны"
Еўрасаюз ухваліў 10-ы пакет санкцый супраць Расіі ў гадавіну нападу на Украіну 24 лютага. У панядзелак павінны з'явіцца новыя санкцыі супраць Беларусі.
Аб 10 пакеце стала вядома з паведамлення Швецыі, якая старшынюе ў Радзе ЕС.
Новыя санкцыі ўключаюць:
- узмацненне жорсткасці экспартных абмежаванняў у дачыненні да падвойнага прызначэння і тэхналогій;
- адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць вайну, якія распаўсюджваюць прапаганду або дастаўляюць беспілотнікі, якія выкарыстоўваюцца Расіяй у вайне;
- меры супраць расійскай дэзінфармацыі.
— Разам дзяржавы-чальцы ЕС увялі самыя рашучыя і далёка ідучыя санкцыі, каб дапамагчы Украіне выйграць вайну. ЕС адзіны з Украінай і украінскім народам. Мы будзем падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца, — адзначаецца ў паведамленні.
Пасол Польшчы пры ЕС Анджэй Садось распавёў, што Польшча ўхваліла новыя абмежаванні супраць Расіі пры ўмове выканання шасці пунктаў. Другім з іх ідзе патрабаванне новага пакета санкцый супраць Беларусі.
— Мы чакаем, што яны будуць прыняты ў панядзелак [27 лютага. — Еўрарадыё], — заявіў Садось.
Важней у спісе Польшчы толькі патрабаванне, што Рада ЕС і Еўракамісія разгледзяць пытанне незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.