Еўрачыноўнік пра ўзаемаадносіны з Беларуссю: Каб танчыць танга, патрэбныя двое
Напярэдадні саміту “Усходняга партнёрства” ў Бруселі журналісты з краін-партнёраў сустрэліся з высокапастаўленымі еўрачыноўнікамі. Падчас сустрэчы коратка падводзіліся вынікі супрацы ЕС і шасці краін ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, агучваліся планы на будучае. Мерапрыемства праходзіла ў фармаце “не пад запіс” — цытаваць спікераў можна, але не называючы іх імён.
Падводзячы вынікі дзейнасці “Усходняга партнёрства” за два гады пасля Рыжскага саміту, прадстаўнікі еўраструктур вельмі дыпламатычна ахарактарызавалі супрацу з Беларуссю. Коратка вынік такі: “Мы шмат працавалі з Беларуссю на ўзроўні экспертных ініцыятыў”. Таго ж, як вынікае з адказу аднаго з еўрачыноўнікаў на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, можна чакаць і ў наступныя два гады.
“Што зробіш, калі ў нас да гэтага часу толькі з Беларуссю няма пагаднення аб партнёрстве і добрасуседстве, — кажа еўрачыноўнік. — Але ж мы жывём ва ўмовах палітычнай рэчаіснасці і вы самі добра ведаеце, што нам не падабаецца ў Беларусі. Гэта і смяротнае пакаранне, і недастатковая праца ў галіне правоў чалавека і гэтак далей. Але гэта не азначае, што мы збіраемся вас ігнараваць ці замарожваць адносіны. Мы працавалі над развіццём узаемаадносінаў у межах існуючых магчымасцяў — без наяўнасці нават таго базавага пагадненння, пра якое я сказаў. Спадзяюся, што паэтапна мы здолеем сітуацыю палепшыць. Вы ж ведаеце: каб танчыць танга, два чалавекі патрэбныя.
Мы ўважліва назіраем за тым, што адбываецца ў Беларусі. Мы шмат казалі: “Можа вы зможаце хаця б мараторый на смяротнае пакаранне ўвесці?” Але пакуль гэтага так і не адбылося. Яшчэ нас хвалююць праблемы з бяспекай людзей… З 28 пасламі ЕС мы прыязджалі ў Беларусь, але я магу канстатаваць: нашы ўзаемаадносіны з Беларуссю не так добра развітыя, як з астатнімі пяццю краінамі партнёрамі (Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан). Магу сказаць адно — калі будуць змены ў пытаннях, якія я ўжо агучыў і якія не раз агучваліся з боку ЕС уладам вашай краіны, то будуць зрухі і ў пытанні візавым (змяншэнне кошту шэнгенскай візы да 35 еўра), і ў пытанні падпісання базавага пагаднення з вашай краінай”.
Што да магчымасці больш свабоднага пранікнення беларускіх тавараў на еўрапейскі рынак, то еўрачыноўнікі сказалі проста: спачатку станьце чальцом Сусветнай гандлёвай арганізацыі, а потым будзем абмяркоўваць гэтае пытанне.