Еўрадэпутат: Ёсць вялікія шанцы, што новыя санкцыі супраць Расіі будуць
2 верасня ў Бруселі пройдзе пасяджэнне камітэта замежных спраў Еўрапарламента, прысвечанае сітуацыі ва Украіне.
Як вядома, у апошні тыдзень супраць украінскіх войскаў на Данбасе ваюе рэгулярная расійская армія, але Масква гэтага не прызнае. Учора міністр абароны Украіны Валерый Гелецей заявіў, што "па неафіцыйных каналах расійскі бок ужо некалькі разоў пагражаў, што ў выніку працягвання супраціву, ён гатовы выкарыстаць супраць Украіны тактычную ядзерную зброю". Захад спрабуе дапамагчы Украіне ўвядзеннем новых санкцый супраць Расіі.
Вось што паведаміў Еўрарадыё Габрыэлюс Ландсбергіс, еўрадэпутат ад Літвы:
"У нас сёння будзе паседжанне, прысвечанае Украіне. І я буду гаварыць, што патрэбныя новыя санкцыі [у дачыненні да Расіі]. Я думаю, што ёсць вялікія шанцы, каб новыя санкцыі прайшлі".
Паводле слоў Ландсбергіса, санкцыі мусяць быць датычныя продажу Расіі "ўсіх мілітарных рэчаў", а таксама энергетычнага і фінансавага сектараў. Гэта тое, што вельмі шмат значыць сёння для Масквы, адзначыў еўрадэпутат.
Фота — АР