Еўрадэпутатка выступіла са скандальнымі заявамі пра ўкраінскіх чыноўнікаў

Хармс чакае, што разам з алігархамі з Украіны могуць уцячы і некаторыя члены ўраду.



На прэс-канферэнцыі ў Страсбургу падчас сэсіі Еўрапарламента лідарка фракцыі зялёных заявіла: "Стуацыя, як уяўляецца, выклікае вельмі вялікую заклапочанасць. У прыватнасці гэта датычыць алігархаў і магчымасці таго, што яны могуць пакінуць краіну. Некаторыя з іх, вядома, маюць пашпарты краін ЕС — напрыклад, Аўстрыі. Ёсць верагоднасць, што яны выедуць з краіны... Еўрапейскі парламент павінен выправіць слабую пазіцыю Еўрапейскай камісіі ў гэтым пытанні".



Еўрадэпутатка адзначыла, што не ўсе звычайныя ўкраінцы могуць атрымаць Шэнгенскія візы — і дорага, і складана. А вось людзі, якія "раскрадалі краіну і прывялі да эскалацыі і гвалту... маюць Шэнгенскія візы, — ці як у выпадку Аўстрыі — нават пашпарты", інфармуе УНІАН.



Рэбека Хармс заявіла, што "для простага чалавека з вуліцы" трэба правесці "візавую лібералізацыю", а для алігархаў і чыноўнікаў, якія "запэцкалі рукі", трэба ўвесці візавыя абмежаванні. Яна назвала прозвішчы траіх украінскіх дзеячоў, якія маюць пашпарты Аўстрыі — Сяргей Арбузаў (выконваючы абавязкі прэм'ера), Андрэй Клюеў (сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны) і Мікалай Азараў (былы прэм'ер, які выехаў у Аўстрыю), паведамляе pravda.com.ua.
 

Пазней згаданыя ўкраінскія дзеячы абверглі наяўнасць у іх аўстрыйскіх пашпартоў, а Рэбека Хармс удакладніла, што яна проста выказала гіпотэзу і не мае доказаў.

Фота — УНІАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі