Еўрадэпутатку Рэбеку Хармс шэсць гадзінаў трымалі на беларускай мяжы
Шэсць гадзінаў правяла на беларускай мяжы чалец Еўрапарламента Рэбека Хармс, перадае БелаПАН. Палітык накіроўвалася на міжнародную канферэнцыю "Чарнобыль +30", якая прайшла 24 красавіка ў Мінску. Акцыю зладзілі таварыства "Зялёная сетка" і Беларуская партыя "Зялёныя" пры падтрымцы кіеўскага філіяла Фонду Генрыха Бёля (Нямеччына), Сусветнай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Еўрапейскай партыі зялёных.
Паведамляецца, што Хармс, якая ўзначальвае фракцыю "Зялёныя — Еўрапейскі свабодны альянс" у Еўрапарламенце, была затрыманая на памежным кантролі ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Сваё затрыманне палітык, якая крытыкуе палітыку Крамля, звязвае з тым, што яна ўнесеная ў спіс неўязных у Расію з палітычных матываў.
Тым не менш Хармс змагла трапіць у Мінск і прыняць удзел у канферэнцыі. Яна выступіла на канферэнцыі, дзе выступіла супраць ядзернай энергетыкі.
"Я працую з ядзернымі рызыкамі ў ЕС, і на маёй старонцы ёсць даследаванне балгарскага эксперта, дзе гаворыцца, што ў ЕС пасля 2006 года мы даволі блізкія да наступнай катастрофы на АЭС. Яна можа быць і ў Францыі, і ў Нямеччыне. Што мы можам зрабіць, дык гэта выйсці з ядзернага цыклу", — зазначыла еўрадэпутатка. Хармс лічыць гэта вельмі актуальным цяпер, бо тэрарысты робяць сваёй мішэнню атамныя электрастанцыі ў Еўропе. На яе думку, чарнобыльскі досвед — добрая падстава пакончыць з атамнай энергетыкай.