Еўрапейскі суд не зняў санкцыі з трох беларусаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях

Лукашысты беспаспяхова спрабуюць дамагчыся зняцця санкцый ЕС / Reuters
Лукашысты беспаспяхова спрабуюць дамагчыся зняцця санкцый ЕС / Reuters

Еўрапейскі суд разгледзеў скаргі і не зняў санкцыі з трох беларусаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць студэнтаў. Аляксандр Бахановіч, Сяргей Рубніковіч і Сяргей Скрыба трапілі ў "чорны спіс" Еўрасаюза ў чэрвені 2021 года. Бахановіч у той час быў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (цяпер ён першы намеснік міністра адукацыі), Скрыба — прарэктар па выхаваўчай працы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Рубніковіч працягвае працаваць рэктарам Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта.

У дакуменце Еўрапейскага суда адзначаецца, за што згаданыя асобы трапілі пад санкцыі: за адлічэнне студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яны па-ранейшаму нясуць адказнасць "за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці" і за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ім давядзецца аплаціць судовыя выдаткі.

Гэта не першыя прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі, якія спрабуюць дамагчыся зняцця санкцый ЕС. Сёлета гэта няўдала спрабавалі зрабіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідар ЛДП Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка, бізнесовец Аляксандр Шакуцін, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая і Аляксандр Амельянюк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі