Еўрасаюз падаў у суд на Польшчу за высечку Белавежскай пушчы
Белавежская пушча. Фота: x-region.org.
Еўрапейская камісія патрабуе ад уладаў Польшчы неадкладна спыніць высечку ў Белавежскай пушчы. Зварот з просьбай абавязаць Варшаву выканаць гэтае патрабаванне зарэгістравана ў Еўрапейскім судзе.
Калі суд прызнае Польшчу парушальнікам еўрапейскага прыродаахоўнага заканадаўства, ён пакарае краіну штодзённымі штрафамі. Аднак пазоў Еўракамісіі тычыцца толькі аднаго ўчастка пушчы, а польскі ўрад дазволіў секчы на трох участках, і можа яшчэ павялічыць ліміты вырубкі.
У мінулым годзе ўрад Польшчы утрая павялічыў квоты на высечку дрэў у рэліктавым лесе, матывуючы сваё рашэнне барацьбой з нашэсцем жука-караеда. Гэта выклікала пратэсты эколагаў, якія лічаць, што экасістэма лесу здольная сама рэгуляваць папуляцыю жукоў, а высечка мёртвых дрэў ставіць пад пагрозу цэлы шэраг выміраючых відаў жывёлаў і раслін. Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца Еўрасаюз і ЮНЕСКА, якая абвясціла пушчу аб'ектам Сусветнай спадчыны.
Аднак цяперашні ўрад Польшчы лічыць, што гэты статус быў прысвоены лесу незаконна. Міністр навакольнага асяроддзя Польшчы Ян Шышко, заўзяты паляўнічы і былы ляснічы, нядаўна выказаўся ў тым сэнсе, што за крытыкай дзеянняў уладаў у Белавежскай пушчы стаіць "лева-распутнічаскі рух Заходняй Еўропы", піша BBC.
Актывістаў, якія пратэставалі супраць знішчэння дрэваў у Белавежскай пушчы, пакаралі гіганцкім штрафам у 10,5 тысячы злотых (прыкладна $2,8 тысячы). Гэта кошт 240 кубаметраў лесу, якія планавалася нарыхтаваць у той дзень, калі эколагі блакавалі высечку.