Фактчэк: ці магла ДАІ за 5 дзён спыніць 200 тысяч аўто без тэхагляду?
12 жніўня ў навінах на тэлеканале “Беларусь 1” паведамілі, што масавыя праверкі тэхагляду, якія беларуская ДАІ праводзіць з 7 жніўня, прынеслі сур’ёзны ўлоў. Усяго за 5 дзён інспектары спынілі і аштрафавалі каля 200 тысяч кіроўцаў без допуску да ўдзелу ў дарожным руху!
Перад пачаткам акцыі ДАІ паведамляла, што прыкладна столькі ж — 195 тысяч штрафаў — было выпісана за няпройдзены тэхагляд з пачатку 2019 года! Няўжо ўсяго за 5 дзён інспектары ДАІ падвоілі гэты паказчык? Для гэтага трэба было спыняць па 40 тысяч парушальнікаў у дзень — 1666 за гадзіну, калі працаваць у тры змены! Верыцца з цяжкасцю.
“Гэта няправільная інфармацыя! Яны [“Беларусь 1” — Еўрарадыё] ужо выдалілі гэтую навіну. Рэч у тым, што ў іх там малады рэдактар, і ён выдаў у эфір зусім неправільныя лічбы”, — паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар УДАІ МУС Ганна Банадык.
Па словах Банадык, “каля 200 тысяч” — гэта тая самая колькасць парушальнікаў без тэхагляду з пачатку года, пра якую паведамлялася раней. Вынікаў сёлетняй акцыі яшчэ не падводзілі.