“Фандок”: Нашу мэблю, што “IKEA” адбракавала па якасці, распрадаём
Затое такое крэсла каштуе у шэсць з паловай разоў танней за сапраўдную “IKEA”.
Сталічны фатограф Яўген Цітко набыў разборнае дзіцячае крэсла ў краме "1000 дробязяў", што ў Мінску на вуліцы Калініна.
Паводле дакументаў — зроблена ў Беларусі, але калі Яўген зняў этыкетку, адкрыўся лэйбл “IKEA”.
"Насамрэч спачатку такое крэсла набыў мой сябар. Калі збіралі, я заўважыў, што яно "ікееўскае". Там нават на інструкцыі стаіць лэйбл. Фота ў сацыяльныя сеткі выставіў для сяброў, якія ездзяць у Літву за “IKEA”, а насамрэч тут ўсё прадаецца, і робіцца” — кажа фатограф.
У краме "1000 дробязяў" пра тое, што крэслы гэтыя — "ікееўскія", ведаюць. Ад пакупнікоў.
“Вельмі добра бяруць, учора мо чатыры штукі ўзялі, пытаюцца менавіта пра іх”, — кажа прадаўшчыца Наталля.
А бабруйскі “Фандок” паведамляе, што ўжо тры гады, як праграма супрацоўніцтва з "IKEA"… закрылася.
“Гэта мы астаткі распрадаём. Але зараз не знайсці канцоў — усё кіраўніцтва змянілася тры разы. Мы многа чаго рабілі для гэтай фірмы — і паліцы для абутку, і сталы, і гэтыя крэслы”, — кажуць у аддзеле збыту.
Такое дзіцячае крэсла, для параўнання, у краме “1000 дробязяў” каштуе 60 тысяч беларускіх рублёў. А вось на польскім сайце “IKEA” яно абыдзецца ў 129 злотых (гэта прыкладна 40 долараў).
Калі намеснік дырэктара па эканамічных пытаннях беларускага прадпрыемства Таццяна Сіневіч чуе ад Еўрарадыё пра кошты тут і ў Польшчы, сама здзіўляецца. Тлумачыць, чаму “IKEA” болей не працуе з беларускім “Фандокам”.
“Ого! Гэтыя крэслы, што мы зараз распрадаём, яны адбракавалі, па якасці не прайшлі. Астатняе забралі. Мы з імі мо 10 гадоў працавалі. Але ўжо тры гады прайшло, дырэктар, які прывёў “IKEA” да нас, сышоў, і закончылася супрацоўніцтва”, — кажа намеснік па эканамічных пытаннях і дадае, што супрацоўніцтва з сусветным брэндам было вельмі і вельмі выгадным.
Дарэчы, у краме крэслы, адбракаваныя "IKEA", яшчэ засталіся.
ФОТА: Яўгена Цітко