Фермера асудзілі за тое, што ўкусіў інспектара ДАІ
2 снежня суд Брэсцкага раёна вынес прысуд 55-гадоваму фермеру Мікалаю Бельчуку з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна за гвалт ў дачыненні да інспектара ДАІ. Бельчука прызналі вінаватым у тым, што 9 траўня 2014-га ён укусіў інспектара ДАІ (цяпер — начальніка ДАІ Камянецкага раёна) Сяргея Неліповіча. Было прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы. Аднак з улікам таго, што фермер знаходзіўся за кратамі з кастрычніка, ён выйдзе на волю праз 10 дзён, інфармуе Радыё Свабода.
Мікалай Бельчук сваёй віны не прызнаў. З 1 лістапада на знак пратэсту ён трымае галадоўку ў СІЗА. 29 лістапада ў выніку гэтага трапіў у лякарню. Сваякі кажуць, што цягам галадоўкі Мікалай скінуў 18 кілаграмаў і важыць цяпер усяго 55.