Фестываль вулічных мастацтваў прайшоў у Гродне (фота, відэа)

Незвычайныя артысты, мімы, жывыя статуі ды героі з культавых фільмаў гулялі па цэнтры Гродна. 27 і 28 чэрвеня ў горадзе праходзіць IV фестываль вулічных мастацтваў.

Дзясяткі людзей у маляўнічых строях, у масках, з размаляванымі тварамі прайшлі ў тэатралізаваным шэсці з плошчы Леніна да моладзевага цэнтра "Гродна". Яны спявалі, танчылі ды іншымі спосабамі прыцягвалі да сябе ўвагу гараджан. Касцюмы ўдзельнікаў былі зробленыя з самых розных матэрыялаў і падручных сродкаў: паперы, тканіны, футра, гіпсу і нават сапраўдных процігазаў. Героі былі незвычайнымі — ад вядомых персанажаў фільмаў да робатаў, сярэднявечных рыцараў і касмічных падарожнікаў.

Акрамя касцюмаванага парада гродзенцаў забаўлялі вулічныя эксперыментальныя тэатры з Беларусі і Расіі. Каб выступіць на фэсце, у горад спецыяльна прыехаў вулічны акцёр з Украіны.

Для тынэйджараў на свяце арганізавалі экстрым-пляцоўку. Тут можна было паназіраць за выступамі скейтараў, джампераў, ролераў і раварыстаў, а таксама пакатацца самім.

У першы вечар госці фэсту ўбачылі агнявое шоў, якое завяршылася за поўнач. 28 чэрвеня гараджан чакаюць на майстар-класах па пантаміме, танцах, фехтаванні і фаер-шоу. Акрамя таго, у парку імя Жылібера пройдзе рок-канцэрт і дыскатэка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі