ФК "Дынама" (Брэст) атрымае ад аблвыканкама 500 мільёнаў рублёў

ФК "Дынама" (Брэст) атрымае ад аблвыканкама 500 мільёнаў рублёў

Брэсцкі аблвыканкам вылучыць 500 мільёнаў рублёў футбольнаму клубу "Дынама" (Брэст). Грошы прызначаныя для "аператыўных патрэб" і "пагашэння імгненных бягучых запазычанасцяў", перадае БелаПАН. Дамова пра вылучэнне грошай была дасягнутая на перамовах, якія прайшлі 29 студзеня ў Брэсце паміж старшынёй Беларускай федэрацыі футбола Сяргеем Румасам і кіраўніком вобласці Анатолем Лісам.

У сувязі з запазычанасцямі каманду пакінула вялікая група гульцоў, і яе маглі перавесці ў другую лігу.

Цяпер было заяўлена, што клуб працягне выступаць у вышэйшай лізе і 1 лютага пачне трэніроўкі. Для кіраўніцтва "Дынама" першачарговай задачай будзе продаж будынка клуба па вуліцы Леванеўскага і пагашэнне ўсіх пазык.

Дарэчы, Румас правёў таксама сустрэчу з кіраўніцтвам абласной міліцыі і прадстаўнікамі фанатаў. Як інфармуе прэс-служба футбольнага клуба, міліцыя абяцала не ладзіць жорсткага дагляду гледачоў і пагадзілася на продаж піва на стадыёне пры ўмове вылучэння спецыяльных зон.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі