Футбаліст Дзмітрый Ліхтаровіч завяршыў кар'еру, але застаўся ў БАТЭ
Паўабаронца БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч завяршыў сваю кар'еру футбаліста, паведамляе афіцыйны сайт барысаўскага футбольнага клуба. Ліхтаровіч, якому 1 сакавіка споўніцца 38 гадоў, гуляе за БАТЭ з 2002 года.
За сваю спартовую кар'еру Ліхтаровіч 12 разоў быў чэмпіёнам Беларусі (1998, 2002, 2006-15), тры разы — уладальнікам Кубка Беларусі (2006, 2010, 2015), пяць разоў — уладальнікам Суперкубка Беларусі (2010, 2011, 2013-15).
Пры яго непасрэдным удзеле БАТЭ чатыры разы прабівалася ў групавыя раўнды Лігі чэмпіёнаў, два — у групавыя турніры Лігі Еўропы, два — у 1/16 фіналу Лігі Еўропы.
Цяпер Ліхтаровіч пяройдзе на трэнерскую працу ў структуры БАТЭ.