Футбольную каманду з Расіі шпіталізавалі ў інфекцыйную бальніцу ў Гродне
Дзіцячую футбольную каманду з Расіі і трэнера шпіталізавалі ў абласную інфекцыйную бальніцу ў Гродне. Яны прыехалі ў Беларусь тры дні таму і знаходзіліся на базе адпачынку “Купалінка”. Уначы 29 сакавіка ім стала кепска. Спачатку “хуткая” адвезла ў бальніцу 10 дзяцей, пасля забрала і трэнера. У іх падазрэнне на кішачную інфекцыю (а ў аднаго хлопчыка падазрэнне на рэспіратарную інфекцыю), піша “Гродзенская праўда”.
Ад бацькоў дзяцей, якія іх суправаджалі, стала вядома, што яшчэ па дарозе ў Беларусь у аднаго з дзяцей назіраліся падобныя сімптомы, але па меддапамогу не звярталіся. Не выключаецца магчымасць перадачы інфекцыі па ланцужку іншым дзецям.
Адзначаецца, што стан расіян стабільны. Іх шпіталізавалі для назірання і высвятлення дыягназу. Тым часам на базе адпачынку “Купалінка” праводзіцца эпідэміялагічнае расследаванне з мэтай устанаўлення прычын і ўмоў узнікнення заражэння.