Футбольны клуб “Дняпро” зноў можа вылецець з вышэйшай лігі
У апошнім туры чэмпіянату Беларусі магілеўчане прайгралі “Мінску” і будуць гуляць сутыкавы матч з “Гарадзеяй” — нумар 2 у першай лізе.
30 лістапада гулялі клубы вышэйшай лігі, якія дзеляць месцы з 7-га па 12-е. “Мінск” прымаў “Дняпро” ў сталіцы на штучным полі. Вынік матчу — 1:0. “Славія” саступіла дома брэсцкаму “Дынама” — 0:1, а “Белшына” перамагла “Нафтан” — 1:0.
Такім чынам, 7-е месца ў чэмпіянаце Беларусі заняла “Белшына” (47 ачкоў). 8-е месца дастаецца брэсцкаму “Дынама” (40 ачкоў), “Мінск” знаходзіцца на 9-м месцы (38 ачкоў) і наваполацкі “Нафтан” — на 10-м (37 ачкоў).
“Дняпро” займае 11-ты радок (33 ачкі) і цяпер будзе змагацца за тое, каб застацца ў вышэйшай лізе: 4 снежня каманда правядзе хатнюю сустрэчу з “Гарадзеяй”, якая займае 2-е месца ў першай лізе. У выпадку перамогі “Дняпро” захавае сваю пазіцыю з элітным дывізіёне, а ў выпадку паразы пяройдзе ў першую лігу. Дарэчы, два гады таму магілёўскі клуб таксама выпадаў з вышэйшай лігі, але потым вяртаўся ў яе.
Мазырская “Славія” мае 23 ачкі і займае апошні радок. У наступным сезоне яна вяртаецца ў першую лігу, з якой вырвалася таксама два гады таму, а на яе месца прыйдзе “Слуцк”.