Фюле: Адносіны Беларусі і ЕС залежаць толькі ад рашэння па палітвязнях

Перспектывы адносін Еўрасаюза і Беларусі вялікія, але яны залежаць толькі ад рашэння беларускіх уладаў наконт палітычных зняволеных. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле падчас Саміта Усходняга партнёрства ў Вільні.

Еўрарадыё: Год таму, адказваючы на наша пытанне, Вы сказалі, што верыце ў праграму Дыялога аб мадэрнізацыі Беларусі. Як вы сёння ацэньваеце адносіны з Беларуссю і якія перспектывы Вам бачацца?

Штэфан Фюле: Перспектывы вялікія. Яны залежаць толькі ад рашэння беларускіх уладаў наконт палітычных зняволеных. Тут палітыка Еўрасаюза ясная ад самага пачатку. Як толькі не будзе палітвязняў, і пройдзе іх рэабілітацыя, Еўрасаюз гатовы пайсці не толькі на пабудову трывалай асновы двухбаковых адносінаў паміж ЕС і Беларуссю, але і размаўляць пра рэформу праграмы, падтрымку мадэрнізацыі Беларусі ў межах амбіцый беларускага народа.

Еўрарадыё: У той жа час беларускія ўлады не праяўляюць інтарэсу да самога дыялогу, да Усходняга партнёрства. Як быць, як іх зацікавіць?

Штэфан Фюле: Дыялог на працоўным узроўні працягваецца. Тут у нас ёсць згода і з грамадзянскай супольнасцю ў тым, што Дыялог аб мадэрнізацыі з’яўляецца не толькі добрай платформай для нашага дыялога і сумеснай працы з грамадзянскай супольнасцю, але таксама і прапановай для прадстаўнікоў Ураду. І цяпер пасля таго, як мы зрабілі пэўныя прапановы, мы чакаем адказы ад Ураду, наколькі мы зможам знайсці гэту сумесную платформу. Я думаю, што гэта было б выгадна для ўсіх: для самога Дыялога аб мадэрнізацыі з аднаго боку і для ўсё Беларусі, таму што гэта не дыялог дзеля дыялогу. Яго мэта зразумелая: падрыхтаваць праграму мадэрнізацыі. А пасля, як толькі будуць умовы для яе выканання, пачаць крок за крокам яе рэалізацыю на карысць Беларусі і яе грамадзян.

ДаведкаЕўрарадыё: “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі” стартаваў 29 сакавіка 2012 года па ініцыятыве Штэфана Фюле. Гэта праграма Еўрапейскага Саюза, якая прадугледжвае шматбаковы абмен поглядамі і ідэямі кіраўніцтва ЕС з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі аб неабходных рэформах у краіне. Асноўныя галіны дыялогу: палітычная рэформа; рэформа судовай сістэмы і чалавечыя кантакты; пытанні эканамічнай і галіновай палітыкі; гандаль і рынкавыя рэформы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі