Галоўны патолагаанатам Мінска 16 гадоў браў адкаты за труны і крыжы

Галоўны патолагаанатам Мінска 16 гадоў браў адкаты за труны і крыжы

Галоўнае следчае ўпраўленне завяршыла расследаванне крымінальнай справы начальніка ўстановы аховы здароўя "Гарадское клінічнае патолагаанатамічнае бюро", паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Галоўнага патолагаанатама сталіцы затрымалі на працоўным месцы ў чэрвені 2018 года падчас атрымання хабару. Выявілася, што са студзеня 2002 года па чэрвень 2018-га ён рэгулярна атрымліваў незаконныя грошы.

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, мужчына атрымліваў хабар ад прадпрымальнікаў. За гэта ён дапускаў абраных прадпрымальнікаў гандляваць трунамі, крыжамі ды іншай прадукцыяй у краме рытуальных прыладаў або аказваць паслугі па перавозцы цел памерлых да месцаў пахавання. Памер хабару штомесяц складаў каля 10% ад кошту тавару, пастаўленага ў краму бюро. За перавозку цел памерлых дзейнічаў тарыф — 100 долараў за адзін аўтамабіль.

Таксама выявілася, што санітары морга плацілі хабар за заключэнне і падаўжэнні працоўных кантрактаў, змену ўмоваў працы, магчымасць аказваць грамадзянам платныя немедыцынскія рытуальныя паслугі. Хабар ад заробку работнікаў таксама складаў 10%.

Падчас расследавання былі выяўленыя 24 эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці мужчыны. Агульная сума хабараў і адкатаў склала больш за 390 тысяч рублёў.

Мужчыну вінавацяць у атрыманні хабару ў буйным і асабліва буйным памерах. Ён знаходзіцца пад вартай.

Абвінавачаны цалкам прызнаў віну. Незаконны даход ён поўнасцю выплаціў у бюджэт.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі