Галоўны трэнер зборнай па веславанні: Мельдоній знайшлі ў братоў Багдановічаў
Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч заявіў, што ў пяці спартсменаў сапраўды знайшлі мельдоній — забаронены з пачатку гэтага года прэпарат. Такім чынам спецыяліст пракамендаваў інфармацыю французскага выдання Le Mond пра допінг, знойдзены ў крыві яго падапечных.
Па яго словах, сляды мельдонія сапраўды знойдзеныя ў пяці беларускіх спартсменаў. Двое з іх — гэта браты Багдановічы. Яшчэ трое — канаіст Максім Пятроў, байдарачнікі Аляксандр Ляпешка і Дзмітрый Сільчанка. Але яны не ўваходзяць у алімпійскую зборную. Ніякага “больш цяжкога” допінгу ў іх крыві не знайшлі.
Пробы былі ўзятыя ў сакавіку Французскім нацыянальным допінгавым агенцтвам. Пры гэтым, па словах Шантаровіча, утрыманне мельдонія ва ўсіх тэстах не перавышае нормаў, агавораных Сусветным антыдопінгавым агенцтвам (WADA).
Цяпер з гэтай нагоды вядзецца расследаванне. Французскае агенцтва будзе высвятляць, калі менавіта забаронены прэпарат трапіў у арганізм беларускіх спартсменаў — да ці пасля 1 студзеня. Кожны выпадак даследуецца асобна, паведамляе Прессбол.
Плануецца, што вынікі расследавання будуць агучаныя ў сярэдзіне чэрвеня Міжнароднай федэрацыяй веславання і WADA. Пакуль гэтага не адбылося, нельга сцвярджаць, што браты Багдановічы не паедуць на Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра.
Уладзімір Шантаровіч таксама адзначыў, што на допінг праверылі ўсю нацыянальную зборную і тэсты “усёй жаночай каманды і мужчынскай байдаркі-чацвёркі на чале з Раманам Петрушэнкам — абсалютна чыстыя”.