Гамяльчанку Анастасію Перавошчыкаву асудзілі ўжо на 105 сутак

Гамяльчанку Анастасію Перавошчыкаву асудзілі ўжо на 105 сутак

Над гамяльчанкай Анастасіяй Перавошчыкавай у ІЧУ адбыўся чарговы суд. Да ранейшых 90 сутак ёй дадалі яшчэ 15. Пра гэта дзяўчына паведаміла ў лісце да маці. 

"Прыйшоў ліст, дакладней цэлыя два, я так узрадавалася, адкрыла — а там дачка піша, што 4 сакавіка яе зноў вазілі ў суд і зноў далі 15 сутак. Я палічыла, атрымліваецца, што выйдзе Насця 9 траўня. Мы ў гэты дзень увесь час да дзядулі на магілку ходзім, але ў гэты раз, падобна, не пойдзем — не да таго будзе", — расказвае журналістам TUT.by Алена, маці Насты.

Дзяўчына напісала, што судзілі яе зноў паводле артыкула 23.34 КаАП. Падставай зноў сталі фатаграфіі невядомых людзей з бел-чырвона-белым сцягам і паказанні сведкаў, што Наста ёсць на гэтых фотках. 

Анастасія Перавошчыкава працавала судмедэксперткай, але звольнілася яшчэ да выбараў. У жніўні яна стала выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту. Напрыканцы студзеня яе затрымалі, а ў кватэры правялі ператрус. Іаксама ператрус адбыўся ў кватэры дзядулі — 89-гадовага пенсіянера, работніка тылу часоў вайны. Міліцыянты шукалі раённы сцяг, з якім фатаграфуюцца мясцовыя актывісты.

Тады Насту асудзілі першы раз. 6 лютага дзяўчына вызвалілася, але праз два дні яе запрасілі ў міліцыю — нібыта на размову. Дадому яна не вярнулася: на яе склалі чарговы пратакол і зноў асудзілі на 15 сутак. Пакуль дзяўчына сядзела ў ІЧУ адбыліся яшчэ некалькі судоў, кожны з якіх даваў ёй па 15 сутак. Агулам набралося ўжо 105 сутак арышту.

Больш за яе беларускія суды прысудзілі толькі мінскаму студэнту БДУІР Яну Салановічу — 114 сутак. Праўда, пасля 86 сутак хлопца нечакана адпусцілі, і неўзабаве ён пакінуў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі