Гандляры на базары: упраўленец, перакладчык, юрыст і мастак-афарміцель

У гандлёвых цэнтрах “Імпульс” ды “Сілуэт”, нягледзячы на будні дзень, кіпіць жыццё. На першым паверсе з большага гандлююць касметыкай ды бялізнай, на паверхах вышэй – шмоткамі ды аксэсуарамі. Прадаўцы пагаджаюцца размаўляць без фота, але ўсе імёны гандляроў сапраўдныя.

Першай сустракаю Анастасію – дзяўчына завочна вучыцца на першым курсе Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, будзе перакладчыцай. Тут падрабляе на навучанне і кішэнныя грошы. 

“Тры мільёны зарабляю! Ніякага продажу, бо ва ўсіх праблемы з грашыма”, – сумуе будучы перакладчык. – Адкрываю першы ж сайт з вакансіямі – мінімум, які прапаноўваюць перакладчыкам – 4 мільёны.

Яшчэ адна прадавачка Наталля гандлюе бялізнай, а ўсяго некалькі гадоў таму працавала швачкай на прыватным прадпрыемстве.

“На даму шыла  – пяць гадоў працавала. Гэта вельмі цяжкая праца – спіна стамлялася, вочы таксама. Гэта (прафесія гандляркі – заўвага Еўрарадыё) больш лёгкая праца, няма такой напругі. Мне тут лягчэй”.

Дзяўчына ні разу не шкадуе, што сышла, тым больш, заробак амаль не адрозніваецца – і швачкай, і прадавачкай дзяўчына атрымлівае 4 мільёны.

У гандлёвым цэнтры сустракаю яшчэ адну швачку Наталлю – яна атрымлівала прафесію, “каб было”,  і збіраецца ў дэкрэт, юрыста па адукацыі Святлану, некалькі менэджэраў, бухгалтараў усіх масцей ды эканамістаў.

Вось да прыкладу бухгалтарка “са спецыялізацыяй працы ў сельскай гаспадарцы” Кацярына. Зараз атрымлівае завочна вышэйшую адукацыю ў Гродна. Прадае лакі ды ўсялякія сродкі для пазногцяў. Кажа, хто праца для яе літаральна як хобі, бо вельмі падабаецца ўсё, што звязана з манікюрам.

“У Мінску не вельмі хочуць браць завочнікаў, кажуць – ці працуй, ці вучыся. Таму працую тут, каб сябе пракарміць. Стараюся не канфліктаваць. Вось зараз я працую з лакамі для пазногцяў. Я сяджу на форумах пастаянна, чытаю пра розныя пакрыцці, лакі, спрабую, каб даць пакупніку ўсю інфармацыю”, – дзеліцца Кацярына поспехамі продажу.

Дзяўчына чакае моманту, каб пайсці працаваць па спецыяльнасці, хоць першы вопыт працы з грозным галоўным бухгалтарам ў мінулым Каці не спадабаўся.

  

Магчыма, Каця і будзе працаваць у гандлі, бо бухгалтар у Мінску – адна з самых папулярных вакансій. Прапаноўваюць бухгалтарам ад 2 мільёнаў, у Каці заробак цяпер – каля чатырох.

Вясёлы эканаміст Анастасія гандлюе адзеннем. Разам з сяброўкай таксама Анастасіяй дзяўчына спрачаецца, якую суму заробку назваць за сярэднюю.

“Колькі – мо і тысячу долараў. Не будзе? А ў Ніны з адзення?! Столькі і будзе! Ну каля шасці мільёнаў”, – урэшце вырашаюць дзяўчаты. 

Насця-эканаміст працуе ў гандлі, бо “тут весела, а праца эканамістам  – гэта для больш дарослых людзей”.

Хоць часам на працы не так і весела. Насця распавядае, як аднойчы яе звольнілі… смс-паведамленнем.

“Я вельмі рэдка брала выходныя, выконвала ўсе разлікі. А тут спатрэбілася на выходны. Я не выйшла на працу, а вечарам мой працадаўца прыслаў смс-ку, маўляў не прыходзь на працу, усё”,Анастасія дагэтуль абураецца такім адносінамі і помсціць ўсімі магчымымі спосабамі: нават паказвае смс-звальненне на тэлефоне і просіць апублікаваць і імя былога працадаўцы і нават самую смс-ку.

Святлана з “Сілуэта” атрымала корачку дзіцячага псіхолага, але яшчэ да пачатку працы зразумела: школа – не для яе.

“Адказнасць, нервы, ды і з дзецьмі працаваць – гэта не маё. Мяне клікалі ў мой каледж працаваць псіхолагам, майстрам, але мне не падабаецца гэта ўсё”, – распавядае Света. Заробак псіхолага ў школе – каля трох мільёнаў, прадавачкай можна ў дзень зарабіць 500 тысяч, а можна праседзець і без заробку.

Людміла развешвае свой тавар – раменьчыкі –  па колерах і адценнях, не сядзіць ні хвіліны.

“Вы заўважылі?”, – радуецца Людміла. Па прафесіі мастак-афарміцель, а гандляром прыйшла працаваць, калі разышлася з мужам і трэба было падымаць дзіця. Жанчына кажа, што кінула б з радасцю гэтае гандлярства і займалася б батыкам – тым, што прыносіць задавальненне. Але няма як – у культуры зусім нізкія заробкі: па статыстыцы каля 4-х мільёнаў, а ў Людмілы выходзіць болей.

Не аптымістычнае меркаванне ў Людмілы наконт заварухі з сертыфікатамі. Маўляў, не патрэбна было столькі гадоў, а зараз спатрэбілася:

“Кажуць, што прадпрымальнікам будзе канец”, – жанчына паказвае, які менавіта канец свету для прадпрымальнікаў надыдзе і калі.  

Былому інжынеру Ірыне 51 год. Ірына з Самары, там жа атрымлівала вышэйшую адукацыю, а ў Беларусь прыехала з мужам-ваенным.

Жанчына з ходу дзеліцца сакрэтамі гандлю і нават сарціруе пакупнікоў на вока: “каму сапраўды што трэба”, а хто “проста паглядзець”. Ірына распавядае, як надарвала спіну ў прадуктовых крамах, цягаючы скрыні з прадуктамі, і выказвае непакой наконт сертыфікатаў. Калі прадпрымальнікі пачнуць зачыняцца – першымі без працы застануцца жанчыны.

“Самі разумееце, колькі гандлёвых цэнтраў у Беларусі, і ў асноўным занятыя жанчыны…”,  – кажа былы інжынер.

Еўрарадыё: А працавалі б інжынерам зараз?

Ірына: Вядома! Калі б быў тады выбар – вядома пайшла б інжынерам працаваць! З задавальненнем!

Гандляроў, якія працуюць адразу пасля школы і толькі атрымліваюць вышэйшую адукацыю, нямала. Вось, да прыкладу, Ірына на днях абараняе дыплом у Беларускім аграрным тэхнічным універсітэце па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне”. Ірына ўжо 10 гадоў індывідуальны прадпрымальнік. Расказвае, як цяжка знайсці талковага гандляра – “каб рабіў выручку”, і колькі трэба аддаць грошай за арэнду і падаткі.

Адзінае, што будучага ўпраўленца, у адрозненне ад калег, ніяк не турбуе: тыя самыя сертыфікаты.  На касметыку сертыфікаты ёсць. Жанчына кажа, што сыдзе з прафесіі калі зусім прыцісне:

“Увогуле пакуль кормяць і ты бачыш, што можаш пражыць, я б не рыпалася. Заўтра зачыніцца? Пойдзем на прадпрыемствы. А што вы прапаноўваеце? Калі мне спатрэбіцца карміць дзяцей, я і прыбіральніцай пайду! Вы ж бачыце, дзе мы жывём. Пакуль гэта тваё гняздо, сядзіш тут столькі гадоў, і думаеш: а раптам, а раптам, а раптам пранясе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі