Гасцей з РБ пусцяць у санаторый "Беларусь" пасля ўхвалы Офіса Ціханоўскай
Санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі / facebook.com/profile.php?id=100057277547022
МЗС Літвы прапанавала адміністрацыі санаторыя "Беларусь" у Друскінінкаі ўзгадняць спіс гасцей з РБ з Офісам Святланы Ціханоўскай. Пра гэта піша выданне BNS.
Днямі адміністрацыя санаторыя заявіла, што вымушаная будзе звольніць яшчэ 60 работнікаў — гэта чвэрць усяго персаналу. Санаторый скарачае персанал, таму што мала турыстаў. З пачаткам вайны з Украінай МЗС краіны перастала выдаваць візы беларускім грамадзянам, нагадвае кіраўнік і галоўны ўрач санаторыя Ілля Епіфанаў.
"МЗС Літвы не згаджаецца быць пасярэднікам у выдачы віз для ўезду ў Літву для лячэння і рэабілітацыі дзяцей з Беларусі. Да вайны ва Украіне мы штомесяц прымалі каля 50 хворых дзяцей з рознымі дыягназамі", — нагадаў Епіфанаў журналістам. Па яго словах, цяпер санаторый абслугоўвае толькі пацыентаў з краін Еўрасаюза. У МЗС Літвы кажуць, што гатовыя "пасля атрымання ўхвалы і рэкамендацый Офіса Ціханоўскай" разгледзець пытанне выдачы віз.
Сёлета санаторый ужо звальняў частку персаналу. Гэта было летам. Праблемы ў беларускага санаторыя ў Літве пачаліся яшчэ ў снежні 2020 года, калі пад санкцыі трапіў уладальнік санаторыя Кіраўніцтва справамі прэзідэнта РБ. Рахункі санаторыя былі замарожаныя, іх размарозілі ў ліпені мінулага года — пасля таго як з пасады кіраўніка Кіраўніцтва справамі сышоў Віктар Шэйман.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.