Генадзя Шульмана пасадзілі за краты банкіры?

Генадзю Шульману, дырэктару і ўладальніку кампаніі "Клас-Клуб ДК" выставілі абвінавачванне ў махлярстве. Нагадаем, што вядомага шоў-бізнэсоўца арыштавалі і змясцілі пад варту ў следчы ізалятар Жодзіна ў кастрычніку 2009 года. Больш за месяц не было вядома нічога ні аб прычынах арышту, ні аб тым, хто санкцыяваў яго. Нічога не маглі растлумачыць ні блізкія сябры Г.Шульмана, ні нават жонка.

Меркавалася, што праваахоўныя органы Беларусі зацікавіліся бізнэсмэнам у сувязі з дзейнасцю яго кампаніі "Клас-Клуб ДК", дзе яшчэ ў 2007 годзе пачаліся сур'ёзныя фінансавыя складанасці. Аднак, як высветліў "Ежедневник", прэтэнзіі праваахоўных органаў зусім не звязаныя з банкруцтвам ТАА "Клас-Клуб ДК".

Па інфармацыі выдання, Шульман быў арыштаваны 6 кастрычніка па санкцыі пракуратуры Савецкага раёна Мінска. Следства вядзе следчы аддзел папярэдняга расследавання УУС Адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы. На цяперашні час следства вінаваціць Генадзя Шульмана ў злачынстве, прадугледжаным ч.4 арт.209 КК РБ (махлярства, учыненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле папярэдніх звестак, вядомаму прадзюсару ставяць у віну, што ён у жніўні-верасні 2009 года праз махлярства завалодаў сродкамі некалькіх беларускіх банкаў. Колькі банкаў і якія сумы фігуруюць у справе, высветліць пакуль не ўдалося. Але сярод пацярпелых называецца ЗАТ "Сомбелбанк", які пацярпеў на 60 тыс. долпараў.

Верагодна, менавіта службы бяспекі беларускіх банкаў і выступілі ініцыятарамі крымінальнага пераследу Генадзя Шульмана, калі зразумелі, што ён набірае грошай столькі, колькі насамрэч аддаць не зможа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі