Кіраўнік "Клас-Клуб ДК" Генадзь Шульман трапіў за краты

На днях быў арыштаваны адзін з самых вядомых у беларускім шоў-бізнэсе арганізатар шматлікіх шумных канцэртаў Генадзь Шульман. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-газета "Ежедневник". На цяперашні час ён знаходзіцца ў СІЗА горада Жодзіна. Інфармацыю пра арышт Генадзя Шульмана пацвердзіла і яго жонка Святлана. Праўда, распавесці жанчына змагла няшмат. Сказаўшы, што муж сапраўды арыштаваны і што яго падставіў партнёр па бізнэсе, Святлана больш не змагла казаць з-за слёз.

Непрыемнасці ў бізнэсоўца пачаліся ў траўні 2007 года. Тады Гаспадарчы суд Мінску вырашыў пачаць працэдуру банкруцтва прадзюсарскай кампаніі "Клас-Клуб ДК", уладальнікам якой з'яўляецца Шульман. Гэтае прадпрыемства мела дзяржаўную ліцэнзію на гастрольна-канцэртную дзейнасць у Беларусі пад №1.

Вестка пра банкруцтва родапачынальніка беларускага шоў-бізнэсу стала нечаканасцю для шмат каго. Бо ТАА "Клас-Клуб ДК" — адна з нешматлікіх (калі не адзіная) беларускіх кампаній, якая працавала з найбуйнейшымі замежнымі канцэртнымі агенцтвамі па ўключэнні Беларусі ў гастрольныя графікі сусветных зорак. Deep Purple, Scorpions, Nazareth, Whitesnake, Robert Plant, DIO, Patricia Kaas, Chris de Burgh — гэта далёка не поўны пералік артыстаў, якіх беларусы маглі бачыць і чуць дзякуючы працы кампаніі.

У Генпракуратуры, Міністэрстве ўнутраных справаў, Камітэце дзяржаўнага кантролю журналістам заявілі, што нічога пра справу Шульмана і яго арышт не ведаюць. У зводках яго няма.

Паводле інфармацыі "Ежедневника", Шульмана арыштавалі па падазрэнні ў здзяйсненні буйнога махлярства. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі