Генпракурор Швед, выступаючы перад мытнікамі, абрынуўся на Раду БНР

Андрэй Швед расказвае мытнікам пра Раду БНР

Андрэй Швед расказвае мытнікам пра Раду БНР / t.me/prokuraturabelarus/

5 кастрычніка генеральны пракурор Андрэй Швед, расказваючы ў Дзяржаўным мытным камітэце пра генацыд беларускага народа, абрынуўся на Раду БНР. Нядаўна Генпракуратура РБ распачала крымінальную справу супраць яе ад па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.

"Рада БНР ажыццяўляе не толькі рэабілітацыю нацызму і калабарацыянізму, але і актыўна прапагандуе экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць, папулярызуе асоб, асуджаных за такія дзеянні ў сучасны перыяд, — гаварыў мытнікам Швед. — Вакол Рады БНР пад кантролем спецслужбаў ЗША і іншых заходніх дзяржаў паслядоўна фармуецца цэнтр антыдзяржаўнай і падрыўной дзейнасці супраць Рэспублікі Беларусь з прэтэнзіяй на фармаванне паралельных дзяржаўных інстытутаў і атрыбутаў, узурпацыю дзяржаўнай улады на падставе "гістарычнасці" аднаўлення правоў на ўладу. У сваіх апошніх заявах кіраўніцтва фармавання адкрыта кажа, што мірныя спосабы барацьбы за ўладу імі вычарпаныя".

Атрымліваецца, што прадстаўнік нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абурыўся, што хтосьці мае "прэтэнзію на... узурпацыю дзяржаўнай улады".

Рада БНР заявіла пра "абсурдны характар" абвінавачванняў Генпракуратуры РБ. У заяве адзначаецца, што "менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 года абвесціла пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай суверэннай Беларусі"

Рада БНР існуе ў замежжы, яна была адноўлена на Захадзе пасля Другой сусветнай вайны. Цяпер яе ўзначальвае Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе. Рада БНР заснавала ўласныя ўзнагароды, якімі ўганаравала беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і палітвязняў у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі