Генпракурор: Тысячы жыхароў Мінска проста ў адчаі
Аляксандр Канюк выступіў на нядаўнім паседжанні рабочай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
Генеральны пракурор адзначыў, што работнікі ЖКГ не спраўляюцца з захаваннем грамадскага парадку і правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, не забяспечваюць своечасовае і аператыўнае рэагаванне на звароты грамадзян.
"П'яныя дэбашыры, аматары трымаць у кватэры па 30-40 жывёлаў, меламаны псуюць жыццё суседзям на працягу многіх гадоў, — цытуе словы Аляксандра Канюка газета "Рэспубліка". — І ўправу на іх знайсці вельмі складана. На жаль, у заканадаўстве невыразна вызначаны функцыі міліцыі. Гэта вельмі сур'ёзная праблема. Толькі ў Мінску за першы квартал паступіла некалькі тысяч заяваў ад грамадзян, спакой якіх парушаецца і днём, і ноччу, многія з іх проста ў роспачы".
Генпракурор адзначыў, што праблема не толькі бытавая, гаворка ідзе пра здольнасць дзяржавы абараніць спакой грамадзян. Ён прыгадаў досвед некаторых краін, дзе паліцыя мае права накладаць на дэбашыраў вялізныя штрафы, калі яны не даюць спакойна жыць іншым людзям.
Рабочая група прыйшла да высновы, што мэтазгодна даць міліцыі права складаць пратаколы за парушэнне спакою грамадзян у жылым сектары ў начны час.
Фота — Fotolia