Генсек NATO не стаў каментаваць скандальную заяву Лукашэнкі
Генсек NATO Енс Столтэнберг не стаў каментаваць скандальную заяву Аляксандра Лукашэнкі. Апошні ў сераду падчас сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая праходзіла ў анлайн-фармаце, нечакана сказаў: "Гэта абсалютна цяпер дакладна стала нам вядома, справа ў стварэнні ваеннай групоўкі NATO для захопу гэтых земляў [Заходняй Беларусі]". Нібыта на іх прэтэндуе Польшча, і падзеі ў Беларусі — "гэта трамплін для ціску на Расійскую Федэрацыю". Прамову Лукашэнкі слухаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які, напэўна, і быў галоўным адрасатам "абсалютна дакладнай інфармацыі".
Якраз 2 снежня праходзіла відэаканферэнцыя кіраўнікоў МЗС краін NATO. Па яе выніках Столтэнберг паведаміў, што абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі. "І Мінск, і Масква павінны паважаць дэмакратычныя правы беларускіх грамадзян на вызначэнне ўласнай будучыні і на ўсёабдымны палітычны дыялог", — цытуе словы генсека Паўночнаатлантычнага альянсу ТАСС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.