Гераіня сэлфі на фоне шчытоў: здавалася, супраць іх выйшла Зена, каралева воінаў

Гераіня сэлфі на фоне шчытоў: здавалася, супраць іх выйшла Зена, каралева воінаў

Для Любові Дзядзінкінай 25 сакавіка — сапраўднае нацыянальнае свята, якое не мусіць быць забытым і якое трэба святкаваць усім народам на вуліцах Беларусі. Яе ўсмешлівае сэлфі з сяброўкай на фоне шэрагу шчытавікоў, якія перакрывалі праспект Незалежнасці падчас разгону вулічнай акцыі, імгненна разляцелася па СМІ і сацыяльных сетках. У каментарыях выказваліся кампліменты дзяўчынамі, а некаторыя нават назвалі гэтае фота сімвалам мірных пратэстаў Беларусі. Еўрарадыё знайшло аўтарку знакамітага сэлфі і пагутарыла з ёй. Як высветлілася, Любоў працуе дзіцячым трэнерам па каратэ. Яна вельмі пазітыўная і далікатная дзяўчына з неверагодна прыцягальнай усмешкай і актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

Пра страх:

Скажу вам шчыра, страшна было. У пэўны момант, калі толькі прыйшлі. Міліцыя яшчэ тарабаніла па сваіх шчытах. Але, калі з’явіліся камеры, калі пачалі падцягвацца людзі, спяваць песні, крычаць “Жыве Беларусь!”, страшна ўжо не было. Была проста няёмкая сітуацыя, што мы без зброі, апранутыя ў звычайныя курткі, штаны... выйшлі проста прагуляцца, бо Дзень Волі — свята. А тут нас сустрэлі ў поўным абмундзіраванні. Я прыглядзелася, што на іх было апранута. Стваралася ўражанне, што супраць іх прыйшла Зена — каралева воінаў (гераіня брытанскага фэнтэзійнага тэлесерыяла, — заўв. Еўрарадыё) з мячом і шчытом (усміхаецца). Гэта было проста недарэчна, шчыра кажучы.

Пра людзей побач:

На фоне гэтых шэрагаў былі проста грамадзяне з усмешкамі. Прычым, ніхто з нас не быў агрэсіўным, ніхто не лаяўся матам, крый Божа. Нехта спяваў на беларускай мове песні, нехта падыходзіў да іх, размаўляў па-беларуску. То бок гэта былі абсалютна звычайныя людзі розных узростаў. Відаць, менавіта ў месцы, дзе перакрылі праспект, людзі мусілі аб’яднацца. Але нас паздзялілі двума шэрагамі міліцыі. То бок на адным баку кардона засталіся тыя, хто не паспеў дайсці з Акадэміі Навук, а на іншым засталіся астатнія дэманстранты, са сцягамі. Мы туды хацелі прабрацца! Але нас не прапускалі. Дарэчы, з нашага боку быў дзядуля, які падышоў да міліцыянтаў і сказаў: “Сынкі! Чаму ж мы прыйшлі і стаім тут перад вамі з адкрытымі тварамі, а вы закрылі свае твары маскамі? Адкройце свае твары!”.

Пра сэлфі:

Я ніяк не чакала, што гэтае сэлфі разляціцца па інтэрнэце. Гэта было спантаннае рашэнне. Я сваёй сяброўцы проста прапанавала сфоткацца на фоне гэтай вось махіны. Бо гэта недарэчна. Яна пагадзілася, і мы сфоткаліся. Што гэтае фота разляціцца і стане нейкім там… шэдэўрам (смяецца)...

Пра спробу трапіць на Дзень Волі:

Мы хацелі прыехаць на Акадэмію Навук, але нас не пусцілі, бо ўсё было перакрыта ажно да Батанічнага сада. У нас на вачах дзяўчына спрабавала патрапіць на працу. Верагодна, яна працуе ў бальніцы, з сумкамі бегла, але ніхто яе не прапусціў праз гэты кардон. Яна пайшла на іншы. А знешне яна ― звычайная дзяўчына, толькі з аднаго боку выгалены вісок на галаве і там нейкая завушніца. Яе нідзе не пускалі, і яна была ў лютасці, выказвала неразуменне таго, што яе не пускаюць на працу.

Неяк мы ўсё ж прайшлі, сказалі, што хочам патрапіць у цэнтр горада, і нас прапусцілі. Калі мы прыйшлі на Акадэмію Навук, то па перыметры ўся гэта плошча па была застаўленая тэхнікай. А на самой плошчы былі толькі ваенныя ў форме. Ніводнага звычайнага чалавека. Нібы ты ідзеш па горадзе, дзе ўсіх пахавалі па дварах, і засталіся толькі адны ваенныя машыны.

Фота: Уладзіслаў Рубанаў, "Новы час"

Пра хапун:

Нам пашанцавала, і нас не схапілі. Мы не даставалі сімволіку, пакуль праходзілі кардоны. Бо нам хацелася патрапіць туды, далей, да ўсіх. У выніку мы прайшлі ўвесь горад. Ад Батанічнага сада да Плошчы Перамогі, а потым на Кастрычніцкую, але там людзей ужо не было. Вельмі цікава яны гэтым разам зрабілі. Проста адсеклі ўсіх, і не дазволілі нідзе сабрацца. Хоць я думаю, што нічога дрэннага ў тым, што мы сабраліся б, не было.

Шчыра кажучы, я была здзіўленая, што нас не забралі. Адзін раз мы патрапілі ў такі хапун, што нас проста ўзялі ў кола і хапалі ўсіх, хто ўнутры. З чым бы ты ні быў: з кветкай, са сцягам, без нічога — усё роўна саджалі ў аўтазак. Калі мы стаялі перад шэрагам міліцыі са шчытамі і фоткаліся, я была перакананая, што нас зараз проста пачнуць прыціскаць і хапаць, а яны ўзялі і сышлі. Я стаяла і думала: ну як так. Мусіць жа быць неяк па-іншаму, так жа не можа проста быць (смяецца).

Пра сваякоў:

Сваякоў я папярэдзіла, што могуць затрымаць. Увечары толькі ўзгадала, што не патэлефанавала бацькам. Цікавы момант быў 26 сакавіка: мой сын выпадкова патэлефанаваў маёй маме і скінуў. Мама праз 30 хвілін ператэлефанавала яму, у яе калаціліся рукі, дрыжэў голас. Я чула. “Што ў вас здарылася?”. А сын адказвае: “Бабуля, усё нармальна, я проста памыліўся нумарам”. І я нават пачула, як яны выдыхнула. Хоць многія перажывалі, што нават за гэтыя сэлфі на фоне міліцыі могуць выклікаць і асудзіць.

Сэлфі ў студыі Еўрарадыё

Пра свята Дзень Волі:

Для мяне гэты дзень — свята. І я выходжу на свята. Большасць нашых СМІ піша, што гэта, хутчэй, быў марш раззлаваных беларусаў, які праходзіў супраць Дэкрэта №3. Не буду хаваць, што я таксама дармаед. Я працую трэнерам па каратэ, але маёй стаўкі не хапае, бо плачу я не 360 рублёў падаткаў, а 300. Так што, я таксама раззлаваны беларус. Але выйшла я на Дзень Волі. На свята! Проста прагуляцца па Мінску. Нават, узяла з сабой сцяг, але не давялося ім скарыстацца.

Скажу вам так! Усё што я ўбачыла на вуліцах сёлета, я бачыла і раней. Калі выходжу цяпер, то і далей буду выходзіць. Насамрэч, баяцца тут няма чаго. І калі б у які-небудзь адзін дзень наш беларускі народ нарэшце выказаў свае жаданні, то, верагодна, было б лепш.

Пра працу:

Шчыра кажучы, не ведаю, як ставіцца да гэтага кіраўніцтва. Ведаю, што бацькі дзяцей, якіх я трэнерую, мяне падтрымліваюць. Кажуць, што я малайчына. І ў гэты дзень на вокліч “Жыве Беларусь!” адказ “Жыве вечна!” я пачула.

Пра каратэ:

Супраць гэтай махіны са шчытом... няхай нават у тых, якія затрымліваюць, і няма шчытоў, але, думаю, што ўдарыць не змагла б. Хутчэй за ўсё, мяне б саму больш пакалечылі ўсім тым, што на іх навешана. Калі мінулым разам быў такі хапун, я спрабавала супраціўляцца. Бо я была з кветкамі, проста стаяла. А мяне схапілі. Але не атрымалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі