Германія, Брытанія і Нідэрланды занепакоеныя наплывам румынаў і балгараў
Міністр сацыяльных спраў Нідэрландаў Лодэвейк Ашэр нават патрабуе ўвесці “аранжавы код” для працоўных мігрантаў у ЕС.
Лодэвейк Ашэр: “У Нідэрландах аранжавы код выдаецца, калі вада ў рэках дасягае трывожна высокага ўзроўню. Настаў час для падобнай трывогі ў сувязі з негатыўнымі наступствамі свабоднага перамяшчэння людзей у межах ЕС”.
Найбольшыя спрэчкі ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі і Германіі выклікаюць працоўныя мігранты з Балгарыі і Румыніі. На дадзены момант яны могуць працаваць у заходнееўрапейскіх краінах з пэўнымі абмежаваннямі, якія мусяць быць знятыя з новага года.
Нямецкае выданне Der Spiegel распавядае пра Івана Стаянава з Балгарыі, які прыехаў у Германію зарабіць, але ў выніку перабіваўся часовымі падпрацоўкамі і спаў на вуліцы альбо ў спецыяльных прытулках. Квіток дадому за 130 еўра яму аплацілі… улады Гамбурга. Для іх гэта аказалася прасцей, чым дазволіць балгарыну застацца. Толькі за чэрвень бясплатнымі квіткамі “ў адзін канец” скарысталася амаль сто чалавек.
Der Spiegel: “Па ўсёй Германіі гарады і пасёлкі скардзяцца на рост колькасці бяздомных мігрантаў, кажучы, што пашырэнне ЕС на ўсход і крызіс еўра павялічылі колькасць тых, хто прыязджае з самых бедных краін Еўропы.У федэральнай зямлі Ніжняя Саксонія група румын жыве ў лесе на поўдні ад Ольдэнбурга. У Мюнхене дабрачынная арганізацыя Evangelisches Hilfswerk стварыла для такіх людзей прытулкі”.
Але больш за ўсё балгараў і румынаў накіроўваецца ў Вялікабрытанію. Яно і зразумела: сюды на працу пераязджаюць нават людзі з іншых заходнееўрапейскіх краін. За другі квартал гэтага года іх колькасць павялічылася прыкладна на чвэрць, і цяпер у Вялікабрытаніі працуе каля 141 тысячы балгараў і румынаў.
“Гэта не дзіўна, бо чысты заробак тут у 4-5 разоў больш за тую, што яны атрымоўваюць у сябе на радзіме”, — адзначыў Эндру Грын, кіраўнік арганізацыі Migration Watch UK. Паводле яго ацэнак, на працягу наступных пяці гадоў трэба чакаць 50 тысяч “новых” балгараў і румынаў штогод.
Разам з тым, некаторыя лічаць гэтыя лічбы завышанымі і разадзьмутымі. Як, напрыклад, дырэктар арганізацыі Migration Matters Атул Хатвал:
“Мы думаем, што антыіміграцыйнае лобі ў Вялікабрытаніі вельмі часта падымае ілжывую трывогу”.
У брытанскім МУС кажуць, што добра ставяцца да тых, хто прыязджае працаваць і ўносіць свой уклад у эканоміку. Але будуць змагацца з тымі, хто пераследуе выключна сацыяльныя выгоды, якія можна знайсці на Туманным альбіёне.
Фота: blogs.spectator.co.uk