“Гэта і ёсць паляванне на украінцаў”: чаму затрымліваюць грамадзян Украіны?
Сілавікі ў Беларусі / фота Еўрарадыё носіць ілюстрацыйны характар
“Гэта і ёсць паляванне на украінцаў”, — так каментуе Еўрарадыё затрыманне грамадзян Украіны ў Беларусі сузаснавальнік фондаў ByHelp i BySol Аляксей Лявончык.
“Я і чакаў, што грамадзян Украіны будуць затрымліваць. Усё ж беларускі рэжым з’яўляецца суагрэсарам у гэтай вайне. Я чакаў, што ўкраінцаў пачнуць затрымліваць пасля выбуху ў Мачулішчах: выбух — значыць вайна і Украіна. Магчыма, рэжыму проста патрэбныя закладнікі, каб гандлявацца з Украінай. Раней ён гандляваўся з Захадам, цяпер будзе з Украінай, бо ён бачыць, што абмены ваеннапалонных паміж Расіяй і Украінай адбываюцца. То бок беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі, можна будзе абмяняць”.
На думку Лявончыка, тых, каго сёння затрымліваюць у Беларусі, трэба называць менавіта ваеннапалоннымі:
“Такое меркаванне асабіста я меў і да нашых палітвязняў. Ужываць тэрміны “арышт”, “суд”, “прысуд” — гэта проста зневажаць святасць юрыдычных сістэм у нармальных краінах. А ў нас гэта дадатковы інструмент ціску на грамадства альбо гандлю з замежнікамі”.
Учора стала вядома пра затрыманне ў Кобрыне маладога ўкраінца. 23-гадовы Арцём Макавей жыў у нашай краіне з 2009 году. Так здарылася, бо ў той год памёр бацька хлопчыка, а маці год ляжала ў шпіталі з пераломам хрыбта. 9-гадовага Арцёма адправілі да сваякоў у Кобрын — там ён скончыў школу і застаўся жыць. Меў від на жыхарства. У апошні час хлопец працаваў дыджэем і ездзіў з выступамі па Беларусі.
У канцы студзеня Арцёма выклікалі ў міграцыйную службу, каб нібыта правесці праверку на паліграфе. 27-га чысла ён быў затрыманы, пазней высветлілася, што ўкраінца завезлі ў Брэст, дзе змясцілі пад варту.
У нядаўнім інтэрв'ю ўкраінскі амбасадар Ігар Кізім паведаміў, што ў Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі сем украінцаў. Атрымаць доступ да іх, прызнаўся дыпламат, вельмі цяжка: "Сваякі і мы стараемся неяк да іх дабрацца. Але калі ўзялося КДБ, то не пускаюць нават консула і прызначаюць свайго адваката, які нічога не кажа".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.