Гібель беларуса ў варшаўскай бальніцы расследуюць як "давядзенне да самагубства"
Брудноўскі шпіталь у Варшаве
Гібель беларуса, які скочыў з акна шостага паверха Брудноўскай бальніцы ў Варшаве, расследуюць як давядзенне да самагубства. Пра гэта паведамляе "Белсат" са спасылкай на акруговую пракуратуру раёну Прага Пулноц. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае гэтым артыкулам, — пяць гадоў зняволення.
"Акруговая пракуратура здзяйсняе нагляд за расследаваннем справы аб давядзенні да самазабойства шляхам угаворвання або надання дапамогі, то бок учынку, прадугледжанага 151-м артыкулам Крымінальнага кодэкса", — кажа прэс-сакратар пракуратуры Норбэрт Валіньскі. Ён не паведаміў, ці ёсць у справе падазраваныя.
Як паведамляла Еўрарадыё, трагедыя адбылася 11 верасня ў шпіталі на вуліцы Кандратовіча ў варшаўскім раёне Брудна. 67-гадовы грамадзянін Беларусі скокнуў з акна палаты. Рэанімаваць яго не ўдалося.
У шпіталі журналістам "Белсата" расказалі, што мужчыну шпіталізавалі 6 верасня. Раскрыць дыягназ медыкі адмовіліся, але заявілі, што беларуса планавалі неўзабаве выпісаць: "Аніякіх складанасцяў з пацыентам не было, ён быў у добрым кантакце з персаналам. Мы чакалі, што яго выпішуць максімум праз некалькі дзён. Ягоны дыягназ не быў цяжкім, і назіраўся выразны прагрэс у лекаванні ў правільным кірунку".
Медыкі кажуць, што пацыент паводзіўся адэкватна, і нічога не прадракала бяды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.