Гомельскія кантралёры 9 траўня апранулі ваенную форму (фота)
А гарадскі парк рэканструяваў атмасферу пасляваенных гадоў
9 траўня на перонах аўтавакзала ў Гомелі можна было пабачыць кантралёраў у ваеннай форме ўзору 1941 года. А ў памяшканні вакзала і на тэрыторыі пасадачных пляцовак праз гучнагаварыльнікі гучалі старыя песні ваеннай тэматыкі. Гэткім чынам "Гомельаблаўтатранс" далучыўся да святкавання 70-годдзя Перамогі.
А ў гомельскім гарадскі парку на Дзень Перамогі лунала атмасфера пасляваенных гадоў. На адзін дзень парку вярнулі старую назву — парк культуры і адпачынку імя Луначарскага. Пра гэта сведчыла арка з надпісам над цэнтральным уваходам – акурат такая, як на старых пасляваенных здымках.
Касцюмаваныя персанажы і атрыбуты 50-х гадоў на тэрыторыі парка таксама адсылалі да пасляваеннай атмасферы. Гэта былі гірлянды з рознакаляровых сцяжкоў, старыя цацкі, пасляваенныя песні, якія гучалі ў парку, пераапранутыя па модзе тых гадоў акцёры тэатра, прадстаўнікі клубаў рэканструкцыі ў форме франтавікоў і шмат іншага.