Like a Gossamer “Kliatva Viernasci”
Дэбютны і канцэптуальны альбом-падарожжа па беларускай гісторыі і легендах.
Праца над дэбютным альбомам Like a Gossamer “Kliatva Viernasci” вялася вельмі доўга. Інфармацыя пра пачатак запісу з’яўляўлася яшчэ ў 2007 годзе. Але гэты час відавочна станоўча паўплываў на выніковы прадукт. Дыск дасканала прапрацаваны, у ім не знойдзеш ніводнага лішняга інструмента, партыі ці гука. Стылістычна альбом сягае ад народных спеваў ды арт-рока да джазавых квадратаў ды doom/death музыкі. Таму неяк акрэсліць дыск вельмі складана, хіба, назваўшы яго проста больш скіраваным у цяжкую музыку.
Пачынаюць і закрываюць “Клятву вернасці” народныя песні “Ой, стаіць бярозка” і “Зашумела дубровачка”, якія акапэла выконвае вакалістка гурта “Рокаш” Паліна Дулінец. Выключна канцэптуальны крок, але ён не перашкаджае агульнаму гучанню пласцінкі, хутчэй, наадварот, дадае пэўнай завершанасці і цэльнасці.
“Слухач знаёміцца з маладым этнографам-фалькларыстам, які падарожнічае па Беларусі, размаўляе з людзмі і запісвае іх аповеды, — распавядае пра канцэпцыю альбома лідар Like a Gossamer Дзяніч Голін. — Ён ствараўся паводле беларускіх легенд і паданняў, але мы самі не чакалі, што атрымаецца на столькі жорсткая канцэпцыя”.
Гукашумавыя кампазіцыі, якія перамяжаюць песні альбома, ажыўляюць вобразы гістарычных падзей ды персанажаў, якія ўзгадваюцца ў песнях. Менавіта на іх ляжыць ці не траціна поспеху дыска! Хоць першапачаткова колькасць трэкаў на вокладцы пужае:).
Загалоўная песня “Клятва вернасці” найбольш яскрава паказвае прафесійны ўзровень, маштабнасць думкі, незаштампаванасць музыкаў, як інструменталістаў, аранжыроўшчыкаў, кампазітараў, меладыстаў... Хоць асобна выдзяляць які-небудзь трэк альбома ня варта. Менавіта разам, у запісанай паслядоўнасці матэрыял Like a Gossamer захапляе. Нават вымушанае перарыванне праслухоўвання ўжо перашкаджае агульнаму ўражанню. Узнікае не вельмі прыемнае адчуванне чытання кнігі з сярэдзіны. Для завяршэння эфекту вельмі хацелася б пачуць праграму на жыва! Праўда, пакуль гурт пазіцыянуе сябе выключна як студыйны. Будзем чакаць!
Трэк-ліст:
01 – Ой, стаіць бяроза
02 – Зімовым Шляхам
03 – Край расамах, русалак і чарцей
04 – Вандроўка першая
05 – Свіцязь
06 – Вільня
07 – Святаянскія муры
08 – Вандроўка другая
09 – Клятва вернасці
10 – Вандроўка трэцяя
11 – Чарадзеі
12 – Вандроўка чацвёртая
13 – Заклятая гара
14 – Залессе
15 – Непачуты паланэз
16 – Вандроўка пятая
17 – Шведы
18 – Полем
19 – Дарога
20 – Зашумела дубровачка
Склад гурта:
Алесь Акульчык (гітара, гроўлінг-вакал)
Дзяніс Голін (бас, электра- і акустычная гітара, вакал)
Хрысціна Ганчарова (клавішы)
Аляксей Гладыш (бубны)
Удзел у запісе:
Алена Жукава (вакал у “Свіцязь”)
Зміцер Мікуліч (гітарнае сола ў “Шведы”)
Паліна Дулінец (вакал)
Арцём Бусел (гукавое аздабленне)
Павел Сініла Everest Media (звядзенне, майстарынг)
Кацярына Філіст (графіка)