Like a Gossamer запісалі альбом-падарожжа па беларускай гісторыі і легендах
Музыкі натхняліся творам “Шляхціц Завальня” і прысвячалі песні Кастусю Каліноўскаму, Усяславу Чарадзею ды Міхаілу Клеафасу Агінскаму.
Мінскі гурт Like a Gossamer падрыхтаваў альбом-апавяданне пра студэнта. Музыкі прызнаюцца, што натхняліся творам Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”. Герой дыска “Клятва вернасці” таксама падарожнічае па Беларусі, размаўляе з людзмі ды збірае розныя легенды, паданні і гісторыі.
“Калі мы пачыналі працаваць над альбомам, то такой жалезнай канцэпцыі не вымалёўвалася, — распавядае лідар гурта Дзяніс Голін. — Але цяпер, калі праца скончаная, атрымліваецца, што яна вельмі жорсткая. І гэта будзе заўважна не толькі таму, што кампазіцыі называюцца паводле імёнаў, падзеяў ці месцаў, пра якія вядзецца гаворка. У нас ёсць сакрэтная частка, якая цэментуе ўвесь альбом і канцэпцыю даводзіць да абсалюту. Яна будзе заўважная ад першай да апошняй хвіліны”.
20 трэкаў дыску будуць распавядаць старадаўнія беларускія легенды, якія музыкі рупліва вышуквалі ў навуковай і мастацкай літаратуры, а таксама пра рэальныя гістарычныя асобы: Усяслава Чарадзея, Міхаіла Клеафаса Агінскага, Кастуся Каліноўскага ды інш.
“Дыск атрымаўся вельмі разнапланавы, — распавядае пра музычны складнік “Клятвы вернасці” Дзяніс. — Будуць гучаць традыцыйныя спевы, будзе шмат музычных цытат зусім розных стыляў, жанраў ды часоў. Будуць інструментальныя кампазіцыі і рокавай, і больш класічнай арыентаванасці. Ну, а астатняе, так бы мовіць, — нетрывіяльны рок!”
Калі адбудзецца канцэртная прэзентацыя “Клятвы вернасці” пакуль не вядома, але на фізічных носьбітах альбом выйдзе да канца года. Дыскавае выданне будзе ўтрымліваць укладыш з 24 старонак, дзе ў арыгінальнай графічнай тэхніцы да кожнай песні намаляваныя ілюстрацыі. Самі музыкі гэты графічна-паэтычны складнік лічаць паўнавартаснай паловай альбома, менавіта таму выкладаць яго ў інтэрнэт самастойна не плануюць.