Грабеншчыкова закэнсэліць? Ці можна зладзіць дабрачынны аўкцыён з удзелам музыкі
Беларусы дамаўляліся з Барысам Грабеншчыковым зладзіць акцыю ў падтрымку гурта Irdorath. Пасля “кэнсэлінгу” кінакрытыка Антона Доліна яны не ведаюць, што рабіць.
Ініцыятарам аўкцыёну выступіў сам Грабеншчыкоў, даведаўшыся, што ўдзельнікі гурта былі асуджаныя. Расійскі музыка напісаў з пытаннем пра тое, чым можа дапамагчы. Дамовіліся, што музыка дасць сваю рэч, а ўсе грошы ад аўкцыёну перададуць у падтрымку гурта.
— Цяпер узнікае пытанне, ці можа спадар Барыс удзельнічаць у кампаніі падтрымкі. Як гэта будзе ўспрынята беларусамі, як будзе ўспрынята ўкраінцамі, хоць сам БГ супраць вайны. Мы дыскутуем гэтае пытанне, гучыць дзіўна, калі гэта прамаўляеш. Але сітуацыя з “Прадмовай” і Доліным сведчыць пра тое, што гэта баліць, — кажа ў эфіры Еўрарадыё Сяргей Будкін.
Будкін расказвае, што і сам сутыкаўся з кэнсэлінгам. Украінскія сябры, якія планавалі працаваць у яго праектах, адмовіліся.
— Гэта вельмі сумная тэма, і, баюся, патрэбныя гады, каб яе вырашыць. Адзінае, да чаго трэба заклікаць, — да павагі ў дыскусіі.
Будкін кажа, што асабіста для яго пытанне кэнсэлінгу рускай культуры — складанае. І прыводзіць прыклад са свайго жыцця.
— Гэта складанае пытанне. Віктар Цой са мной з 89-га года, гэта фон майго жыцця, мая музыка разам з шэрагам нерускамоўных выканаўцаў. Але я сутыкнуўся з тым, што пасля 24 лютага я не магу яго ўключыць. Хаця Цой ні ў чым не вінаваты.
Але так, Расія сваімі дзеяннямі падставіла рускую культуру, на якой гадаваліся і па якой таксама вучыліся нейкім дзеянням і разуменню свету беларусы. Калі цяпер будзе выбар у дырэктара замежнага тэатра — узяць рускую балерыну ці італьянскую, — ён возьме італьянскую. Калі ёсць выбар слухаць “Кино” ці “The Cure”, на жаль, хутчэй за ўсё, гэты выбар будзе на карысць “The Cure”, — лічыць Будкін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.