Графік адключэння гарачай вады ў Мінску пакуль перанеслі на 15 траўня
З 10 траўня ў мінчукоў мусілі пачаць адключаць гарачую ваду. У некаторых кватэрах яе нават паспелі адключыць, але 11 траўня зноў уключылі. Гэта звязана з незвычайна халодным для траўня надвор’ем.
Цяпер гарачую ваду збіраюцца пачаць адключаць з 15 траўня. Гэта тычыцца тых, каму яе мусілі адключыць 10-га. Але графік могуць перагледзець яшчэ раз, а некаторыя раёны — перанесці на верасень. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ва ўпраўленні гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама.
Супрацоўнік упраўлення: “Калі мы адключым тых, каго планавалі 10-га траўня, 15-га траўня, то мы паспеем выканаць усе працы. Калі гэта зрабіць пазней, то мы не паспеем выканаць усё нават пры кругласутачнай працы. Тады давядзецца пераносіць адключэнне на верасень”.
У цэнтральнай частцы Беларусі працягваецца халоднае надвор’е. З раніцы 11 траўня ў Мінску было 0 градусаў, ішоў снег. Ацяпленне ў сталічных кватэрах адключылі яшчэ 5 траўня.