Грамадзянам ЗША зноў раяць неадкладна пакінуць Беларусь
У РБ для амерыканцаў "існуе рызыка затрымання" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Амбасада ЗША ў Мінску апублікавала папярэджанне для сваіх грамадзян у Беларусі. Ім раяць неадкладна пакінуць нашу краіну (такія рэкамендацыі ўжо былі раней). Дыпламатычнае ведамства нагадала, што Літва 18 жніўня закрыла два памежныя пераходы з Беларуссю, чатыры яшчэ працягваюць дзейнічаць.
"Урады Польшчы, Літвы і Латвіі заявілі, што магчымае далейшае закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю", — нагадвае амерыканская амбасада.
Грамадзянам ЗША раяць выехаць з Беларусі праз пункты пропуску, якія дзейнічаюць на межах з Літвой і Латвіяй, альбо самалётам. Амерыканцаў папярэджваюць, што ў нашу краіну не трэба прыязджаць, бо РБ працягвае дапамагаць РФ у яе агрэсіі супраць Украіны, прысутнічаюць расійскія войскі, і існуе рызыка затрымання.
Літва часова закрыла пункты пропуску "Шумскас" і "Цвярачус" на мяжы з Беларуссю (з беларускага боку — "Лоша" і "Відзы" адпаведна). У заяве МЗС РБ адзначаецца, што "якія-небудзь змены ў функцыянаванні бязвізавага рэжыму ў сувязі з нарастаючым нагрузкай на астатнія пункты пропуску на дадзеным этапе не плануюцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.