Грэцыя прадставіла ЕС план рэформаў, каб атрымаць 53,3 млрд еўра

Грэчаскі ўрад прадставіў еўрапейскім крэдыторам план рэформаў, неабходны для атрымання новага крэдыту. Ён уключае ў сябе пенсійную рэформу і павышэнне падаткаў. Паводле плана, для большасці плацельшчыкаў падатак на даданую вартасць будзе ўніфікаваны на ўзроўні 23 адсоткаў. Апроч таго, мяркуецца адмяніць 30-адсоткавую зніжку на выплату ПДВ для грэчаскіх выспаў і іншыя льготы. Такі парадак увядуць на тры гады. Таксама павысяць з 26 да 28 адсоткаў карпаратыўны падатак і падатак на багацце.

Да 2022 года ўзросту выхаду на пенсію будзе ўсталяваны на 67 гадоў, а для будучых пенсіянераў узрастуць выдаткі на медыцынскае страхаванне. Пры гэтым Грэцыя знізіць выдаткі на абарону і зэканоміць у гэтай сферы 300 мільёнаў еўра ў 2015-2016 годзе.

Урад таксама пагадзіўся прадаць дзяржаўную долю тэлекамунікацыйнай кампаніі ОТЕ і вызначыць тэрміны правядзення таргоў дзяржаўнымі акцыямі партоў Пірэй і Салонікі.

Новы план амаль ідэнтычны таму, які Грэцыі прапаноўвалі крэдыторы яшчэ 26 чэрвеня. Але тады Афіны адхілілі прапанову і вырашылі правесці рэферэндум. У абмен на рэформу Грэцыя хоча атрымаць фінансавую падтрымку ў памеры 53,5 мільярда еўра ў бліжэйшыя тры гады, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі