Група ICAO для расследавання пасадкі RyanAir прыбыла ў Беларусь
У Беларусь прыбылі прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), паведамляе прэс-служба Мінтранса. Яны будуць расследаваць пасадку самалёта Boeing 737 авіякампаніі RyanAir у Нацыянальным аэрапорце "Мінск".
23 жніўня прадстаўнікі ICAO правялі працоўную нараду з міністрам транспарту і камунікацый Аляксеем Аўраменкам, дырэктарам Дэпартамента па авіяцыі Арцёмам Сікорскім, прадстаўнікамі Міжведамаснай камісіі Беларусі, а таксама кіраўнікамі авіяцыйных арганізацый.
Міністр транспарту паабяцаў, што Беларусь забяспечыць доступ да ўсіх матэрыялаў і інфармацыі, неабходных для аб'ектыўнага расследавання інцыдэнту.
"Авіяцыйныя ўлады Беларусі адкрытыя для дыялогу і гатовыя аказаць усебаковую дапамогу экспертам. Дэпартамент па авіяцыі прымае ўсе неабходныя меры, каб забяспечыць авіяцыйную бяспеку ў рамках узятых на сябе 28 гадоў таму абавязацельстваў перад міжнароднай супольнасцю грамадзянскай авіяцыі і пасажырамі", — дадаў Сікорскі.
Прадстаўнікі ICAO плануюць выязджаць у авіяцыйныя арганізацыі і праводзіць сустрэчы з персаналам.
Папярэднюю справаздачу камісія ICAO плануе авдрыхтаваць у верасні, выніковую — у лістападзе 2021 года.
Самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, ажыццявіў вымушаную пасадку ў Мінску 23 траўня. Пасля пасадкі сілавікі затрымалі блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Соф'ю Сапегу. Беларускі афіцыёз спярша паведамляў, што загад на пасадку самалёта даў асабіста Аляксандр Лукашэнка, аднак потым сталі казаць, што такое рашэнне прыняў пілот авіялайнера.
Пасля гэтага інцыдэнту Еўрасаюз афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору. Шэраг краін таксама байкатуе павераную прастору Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.