"Група Вагнера" абвясціла набор наймітаў для працы ў Беларусі
Вагнераўцы, ілюстрацыйнае фота
Прыватная ваенная акмпанія Вагнера абвясціла набор наймітаў, у тым ліку з Беларусі. Абвестка з'явілася ў тг-канале, які вядзе былы беларускі спецназавец, а цяпер інструктар ПВК Вагнера з пазыўным "Брэст" Аляксей Бярговін, заўважыла рэдакцыя сайта "Зеркало".
У абвестцы ад 10 ліпеня спецназавец пра тры наборы наймітаў: у брыгаду "Усход V", якая належыць да ПВК "Рэдут" Мінабароны РФ, першы штурмавы атрад РФ і "групу Вагнера".
Камандзірам у абвестцы называюць Антона Елізарава — героя Расіі, камандзіра атрада ПВК Вагнера. "Як і раней, працуе паводле сваіх правілаў на карысць Айчыны ў Афрыцы (Малі, Лівія, ЦАР) і ў Беларусі (можа, яшчэ дзе). Працы шмат, ідзе набор на ўсе напрамкі. Асабліва цікава для грамадзян Беларусі прапанова ў ЗАГ (зводная артылерыйская група. — Рэд.)", — піша Бярговін.
Журналіст "Зеркала" звязаўся з рэкруцёрам і паспрабаваў даведацца ўмовы ўладкавання.
"Праца ў Рэспубліцы Беларусь у зводнай артылерыйскай групе, падпісанне кантракту з ПВК Вагнера, у сувязі з пашырэннем штата падраздзялення, баявых дзеянняў на гэты момант не вядзем", — заявілі яму. Рээкруцёр паведаміў, што вагнераўцы супрацоўнічаюць з Унутранымі войскамі і Мінабароны Беларусі "ў навучальных мэтах".
Пры гэтым ён падкрэсліў, што не набіраюць былых зняволеных, а таксама дэзерціраў і асуджаных па артыкулах, звязаных з ужываннем гвалту. "Калі маюцца судзімасці — адразу пішам артыкул", — удакладніў рэкруцёр.
Плаціць абяцаюць гатоўкай ад 150 тысяч расійскіх рублёў у месяц (каля 5500 беларускіх). Таксама штомесяц абяцаюць выплачваць камандзіровачныя — 5000 расійскіх (180 беларускіх) рублёў. Дарэчы, расіян просяць дабірацца да Масквы, а потым ужо адпраўляюць у Беларусь, "тэрмін камандзіроўкі — да шасці месяцаў".
Рэкруцёрпаведаміў, што "працаваць трэба будзе ў горадзе Асіповічы". Менавіта пад Асіповічамі ў вёсцы Цэль размясціліся вагнераўцы пасля правалу бунту Яўгена Прыгожына.
Журналіст запытаўся, ці не выкліча кантракт з вагнераўцамі праблем у Беларусі, бо ў нашай дзяржаве Крымінаьлны кодэкс прадугледжвае строгае пакаранне за найміцтва.
"Калі ласка, я табе ўсю інфармацыю скінуў, не дзяўбі мне мазгі. Калі цябе цікавіць нешта пра найміцтва, то адкрый інтэрнэт, мы жывем, бл*, у свеце высокіх тэхналогій. Пачытайце, пагражае за гэта нешта ці не. Чо ты мяне зае***аеш нейкімі "албанскімі" пытаннямі?" — раздражнённа адказаў рэкруцёр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.