Гурт “Крама” зноў апынуўся пад забаронай?

23 жніўня ў “Дудутках” плануецца першы фестываль “Ноч кажаноў”, які арганізуе ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Апроч тэматычных забаваў і актыўнасцяў планавалася, што на фэсце выступіць гурт “Крама”, але нечакана з’яўленне музыкаў на сцэне музейнага комплекса апынулася непажаданым.

“Мне толькі што патэлефанаваў чалавек, з якім я дамаўляўся, і сказаў што нам забаранілі выступаць, — каментуе Ігар Варашкевіч. — Маўляў, дырэктара “Дудутак” кудысьці выклікалі і сказалі, каб ніякай “Крамы” не было. Такая вось цікавая гісторыя напярэдадні прэзентацыі новага альбома. Цяпер не ведаю, што рабіць. Прычым, у нас там усё афіцыйна было: з пералічэннямі грошай, з выплатамі падаткаў. Вось і ўзнікае пытанне, а як жа тады зарабляць грошы? За што жыць? Мне пенсію плаціць ніхто не будзе!”

Дырэктар “ДудутакСяргей Дзюкараў любыя забароны ці ўласную нелюбоў да гурта адмаўляе. Тым больш, музыкі ўжо выступалі ў музейным комплексе і ніякіх пытанняў з гэтым не ўзнікала.

“Гэта не маё мерапрыемства, — здзіўляецца Сяргей Уладзіміравіч. — У мяне проста здымаюць пляцоўку пад сваё мерапрыемства. Наколькі мне вядома, у іх узніклі пэўныя фінансавыя пытанні. А таксама арганізацыйныя па праграме. Таму, я думаю, ні пра якія забароны ці нешта падобнае гаворкі не вядзецца”.

ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” каментаваць сітуацыю не жадае. Маўляў, мэта мерапрыемства — папулярызацыя кажаноў, а гурт “Крама” планаваўся толькі як адзін са складнікаў фестывалю.

“Таму любыя каментарыі на гэтую тэму могуць паставіць усё мерапрыемства пад пагрозу, — рэзюмуюць у Грамадскім аб’яднанні. — Сёння мы ўжо ў спешным парадку вядзем перамовы з гуртамі Recha ды The Apples. То бок, цяпер у нас выступяць два калектывы”.

Пачатак мерапрыемства 16:00. Кошт — уваходны квіток у музей (дарослы — 100 000 руб, дзіцячы — 60 000, дашкольнікі — бясплатна). Даведкі ў музейным комплексе “Дудуткі” — (29)6025250, (29)6035250, ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” — (17)2630613, (29)2230613, (29)1016887.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі