Гурт "Крамбамбуля" засноўвае свае ордэны і медалі
Гурт "Крамбамбуля" заснаваў свае ўзнагароды — ордэны і медалі. Музыкі плануюць правесці ўзнагароджанне 21 снежня ў Prime Hall падчас святочнага канцэрту "Партызаны каляднага лесу".
Вылучыць сябе ці блізкага чалавека на ўзнагароду "Крамбамбулі" можа кожны беларус.
Гурт (і адначасова партызанскі атрад) мае пяць узнагародаў — "Ордэн Зялёнага дуба", "Ордэн Дзеда Талаша", "Ордэн Міколкі Паравоза", медаль "За Калядны настрой", медаль "За нашу і вашу свабоду". Узнагароды вырабленыя з дрэва.
Камандзір атрада "Крамбамбуля" Лявон Вольскі, які таксама з’яўляецца дызайнерам узнагародаў патлумачыў: "Ідэя ў тым, каб узнагародзіць людзей па выніках года за нейкія простыя чалавечыя дасягненні на асабістым, сямейным ці працоўным узроўні. За тое, пра што не напішуць у СМІ".
Каб намінаваць сябе ці кагосьці іншага на ўзнагароду "Крамбамбулі", трэба проста апублікаваць партрэтнае фота кандыдата ў сацсетках (Facebook, VK, Instagram, Twitter) і напісаць гісторыю сёлетніх дасягненняў. Пры гэтым трэба абавязкова дадаць хэштэг #krambambula2112, каб гурт мог адсачыць і сабраць усіх намінантаў.
Апошні дзень вылучэння кандыдатаў — 17 снежня. Пяцярых пераможцаў вызначаць удзельнікі гурта. Кожны з пераможцаў атрымае па два запрашальнікі на канцэрт. Урачыстае ўручэнне першых ордэнаў і медалёў правядуць музыкі гурта "Крамбамбуля" на сцэне падчас канцэрту.