Гурт Nizkiz паспрабуе заспяваць на мове

Магілёўскі гурт Nizkiz працуе над новым беларускамоўным трэкам. Штуршком да гэтага стаў сумесны выступ з бярозаўскім гуртом :B:N:, які запланаваны на 13 кастрычніка ў сталічным Re:Public.

“Мы вырашылі не перакладаць старыя песні на беларускую мову, а зрабіць менавіта новы трэк, — распавядае бубнач гурта Зміцер Халяўкін. — У нас ёсць пэўныя задумы наконт песні, але над тэкстам трэба працаваць. Магчыма, у гэтым трэку тэксту будзе і няшмат, але ён будзе. Пакуль усё на ўзроўні ідэі, таму гэты месяц мы будзем упарта працаваць, а калі атрымаецца добра, то падумаем і наконт запісу”.

На канцэрце ў Re:Public Nizkiz плануюць выканаць праграму з асноўных баевікоў і, магчыма, прэзентаваць яшчэ некалькі абсалютна новых трэкаў. “Усё залежыць ад часу, які будзе адведзены на выступ”, — рэзюмуе Зміцер.

Тым часам гурт :B:N: на канцэрце прэзентуе свой сінгл, які мусіць пазнаёміць аматараў бярозаўскіх рокераў з новым гучаннем калектыву. Нагадаем, два месяцы таму :B:N: змяніў склад і цяпер эксперыментуе з гучаннем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі